18 Жнівень, субота

Вы тут

Мадэльер Ганна-Марыя Эгліт: «Беларусам быць модна!»


Пад такім хэштэгам выкладае здымкі ў інстаграм 23-гадовая мадэльер Ганна-Марыя Эгліт. На фота — стройныя дзяўчаты ў прывабных сукенках з беларускім арнаментам.

Што цікава, калекцыю ў нацыянальным стылі Ганна пашыла зусім выпадкова. На пачатку лета да яе звярнуўся фларыст Ігар Пелагейчык і прапанаваў апрануць сваіх мадэляў да фестывалю памяці Янкі Купалы ў Вязынцы. Яму не хацелася браць рэквізіт у тэатрах. Дзяўчына падумала: а чаму б і не? І сшыла за два тыдні 40 льняных сукенак. З вышыўкай ёй дапамог майстар з Дзяржынска.


Ган­на су­стрэ­ла нас у су­кен­цы, па­шы­тай улас­на­руч­на.

«Лепш быць прыгожым дызайнерам, чым проста мадэллю»

На днях мы завіталі ў госці да Ганны-Марыі.

— Менавіта тут, у сваёй кватэры, я адшыла ўжо тры калекцыі адзення, — з усмешкай сустрэла нас Ганна. — Вось на гэтых дзвюх швейных машынках (паказвае). Мне іх мама падарыла на дзень нараджэння два гады таму. Калі шчыра, я раней і падумаць не магла, што буду шыць з ільну (падыходзіць да манекена, апранутага ў ільняную сукенку). Мне заўсёды была бліжэй тканіна, якая не камечыцца. Абажаю футра, штучную скуру пад латэкс — гэта наогул касмічна... Ды і калі вучылася ў каледжы, я вельмі баялася працаваць з ільном. Гэта дастаткова сыпучы матэрыял, вельмі цяжкі ў апрацоўцы. Але паспрабавала — і мне спадабалася. Асабліва, як вышыўка глядзіцца на льне! Гэта якраз той момант, калі ты думаеш, што ніколі чымсьці займацца не будзеш, а пачынаеш — і ўлюбляешся...

З 40 сукенак з той вязынскай калекцыі мы змаглі ўбачыць «ужывую» толькі 6. Астатнія ўжо знайшлі сваіх гаспадынь.

Гэтыя сукенкі Ганна стварыла для фестывалю ў Вязынцы.

На пытанне, куды іх можна насіць, мадэльер, не раздумваючы, адказвае:

— Ды куды заўгодна! У такіх сукенках з вышыўкай не сорамна і ў кавярню з хлопцам схадзіць, і ў клуб на дыскатэку. Калі шыю, я ў першую чаргу арыентуюся на дзяўчат свайго ўзросту. Пакуль мы маладыя, можам пахваліцца стройнымі ножкамі, ручкамі... У Беларусі вельмі прыгожыя дзяўчаты. Мая задача як дызайнера — дапамагчы падкрэсліць прыгажосць. Таму стараюся шыць сексуальныя, кароценькія сукенкі, але, галоўнае, каб пры гэтым яны не былі вульгарнымі.

Ганна прызналася, што сама з задавальненнем носіць свае сукенкі з вышыўкай. Дарэчы, у адной з іх яна нас і сустрэла.

— Лён выглядае вельмі дорага, асабліва, калі аздоблены вышыўкай. Да таго, што ён крыху камечыцца, я цяпер стаўлюся спакойна. Тым больш што на подыумах эфект памятасці сёння ў модзе. Я ўсім сваім кліенткам кажу: змачыце руку ў халоднай вадзе, правядзіце злёгку па тканіне — і яна разгладзіцца. Гэтым летам, як ніколі, я сустракала на вуліцах Мінска шмат людзей у адзенні і з аксесуарамі з беларускімі матывамі. І вельмі радавалася, што таксама іду ў нагу з часам. Цудоўна, што наша моладзь пачынае аддаваць перавагу вышымайкам, а не адзенню з сімваламі ЗША ці надпісам «Я люблю Прагу».

Дзяўчына шчыра прызналася, што не асабліва паглыбляецца ў значэнне арнаментаў. Разглядае іх з пункту гледжання — прыгожы-не прыгожы, добра будзе глядзецца на сукенцы ці не.

— Вось на гэтай сукенцы (паказвае фотаздымак) — арнамент «баба». Наколькі я ведаю, ён з'яўляецца сімвалам дзетанараджэння: засцерагае жанчын падчас цяжарнасці, родаў. Я ўзяла яго і «перакуліла»: бо так прыгажэй. Магчыма, гэтыя стужкі з арнаментам таксама няправільна размешчаны, можа, іх толькі гарызантальна трэба прышываць, не ведаю. Я на ўсё гэта гляджу найперш як дызайнер, эксперыментую.

«Перш чым ад­крыць сваё атэлье і на­няць шва­чак,  я са­ма па­він­на прай­сці ўсе пры­ступ­кі»

— Аня, а ты сама ніколі не хацела стаць мадэллю?

— Я вельмі люблю фатаграфавацца, але не так, каб гэта была мая праца (смяецца). Калі мне было 15, мама завяла мяне ў мадэльнае агенцтва. Там сказалі, маўляў, у цябе ўсё ідэальна, толькі рост 167... Ну, я зразумела, што мадэльная кар'ера не ўдалася. Але не было такога: «ой, як шкада». Па шчырасці, мне было сумна хадзіць па подыуме, таму я наведвала толькі заняткі Івана Айплатава. Дарэчы, калі пазнаёмілася з Ванем, зразумела, што ён — космас, і што я таксама хачу шыць адзенне. Лепш быць прыгожым дызайнерам, чым проста мадэллю.

«Прадала любімую машыну дзеля сваёй мары»

Мама (яна ў Ганны доктар-артадонт) вельмі хацела, каб дачка працягвала яе справу. Але дзяўчына ў апошні момант прыслухалася да сябе і паступіла ў каледж на мадэльера-канструктара.

— Я шыю з 4 гадоў. Пачала з калекцыі купальнікаў (смяецца). У мяне ў дзяцінстве было вельмі шмат Барбі. Мне здавалася, што мае лялькі павінны быць самымі крутымі. Я іх пастаянна стрыгла, фарбавала.

І вось аднойчы вырашыла зрабіць ім купальнікі з надзіманых шарыкаў. Бабуля, калі ўбачыла гэта, прывезла мне з Амерыкі дзіцячую зінгераўскую швейную машынку. І мы з мамай на ёй шылі абноўкі маім Барбі.

На туалетным століку Ганны заўважаю ляльку.

Лён вы­гля­дае мод­на і до­ра­га.

— Гэта Барбі з той дзіцячай калекцыі? — цікаўлюся.

— Не (смяецца), мне яе малодшы брат падарыў пазалетась, на дзень нараджэння. Уся сям'я сядзела за сталом, ён падымаецца і кажа: «Аня, ты памятаеш?.. Сшый ёй сукеначку!» Бачыце, не змагла ўтрымацца, сшыла (смяецца).

У каледжы, калі ўсе вучылі матэматыку і фізіку, Ганна ўжо пачала маляваць сваю першую калекцыю.

— Мама хацела, каб пасля каледжа я паступіла ва ўніверсітэт, але я пайшла працаваць. Дзесьці год шыла вясельныя сукенкі. Я вельмі любіла ўсю гэтую прыгажосць, шык... А потым паехала ў Індыю на 3 месяцы. Калі вярнулася, вырашыла паспрабаваць уладкавацца на «Мілавіцу». Там мне прапанавалі намаляваць калекцыю піжам. Далі на ўсё гэта тыдзень. Я так хацела, каб мяне ўзялі, што не толькі намалявала, але і купіла тканіну, з якой яны працавалі, і пашыла калекцыю. Калі прынесла, мне сказалі «малайчына, але мы не можам узяць цябе на працу без вышэйшай адукацыі»...

Я не здалася. Дзеля сваёй мары прадала любімую машыну і паехала ў Кітай. Сябры, якія вучыліся ў Гуанчжоў, параілі мне паглядзець узровень гэтага перадавога горада свету. Я паехала і ўбачыла маштабы.

Толькі ўявіце, там адной толькі тканіны — як усё наша Уручча. Я два тыдні з ранку да вечара хадзіла па тым рынку, брала ва ўсіх візітоўкі. Шукала пастаўшчыкоў, каб мне прывозілі матэрыял, якога няма ў горадзе. Я не хацела працаваць з тканінай, якую можа ўзяць іншы дызайнер. Гэта ўжо не эксклюзіўна.

...Працаздольнасць і мэтанакіраванасць Ганны, калі шчыра, здзіўляе. Прайшло зусім мала часу, а яна заканчвае чацвёртую ўласную калекцыю. Ваўсю рыхтуецца да беларускага Тыдня моды, які пройдзе напачатку лістапада. Кажа, ёй так запала ў душу вышыўка, што нават у цёплыя рэчы ўмудрылася дадаць крыху нацыянальных матываў.

Та­кія аб­ноў­кі дзяў­чы­на мо­жа сме­ла на­дзець,  каб звяр­нуць на ся­бе ўва­гу хлоп­цаў.

«Не ўяўляю, як бы я апранула кітайцаў»

Ганна пачынае пазіраць на гадзіннік. Нядаўна яна ўладкавалася на працу ў звычайнае атэлье — рамантуе і падшывае кліентам адзенне штодзень з адзінаццаці гадзін дня да васьмі вечара.

— Ужо год я жыву ў цудоўным раёне, на праспекце Пераможцаў, непадалёк ад вадасховішча Дразды. І працу знайшла за дзвесце метраў ад дома. У гэтым раёне жыве шмат маіх знаёмых. Калі яны ўбачылі, што працую ў атэлье, падумалі, што гэта я ўжо сваё адкрыла. Па шчырасці, быў момант, калі я сказала маме: «Мама, давай адкрыем атэлье, калі ласка, ну, проста паспрабуем». «Калі хочаш, адкрывай, дам табе грошы, але ідзі сама ў падатковую, даведвайся як і што...», — пачула ў адказ. І вось тады я зразумела, што яшчэ не зусім гатова наймаць людзей, што магу заваліць усю справу. ...Вы не ўяўляеце, як гэта цяжка — сядзець і ўвесь час шыць. Спіна баліць, рукі сколатыя. Як дзяўчына, разумею: да 25 гадоў я так яшчэ згодна папрацаваць, набрацца вопыту. А пасля адкрыю сваё атэлье і найму іншых людзей. Але каб штосьці ад іх патрабаваць, я павінна сама прайсці праз усе прыступкі.

— Як ты знаходзіш на ўсё час? Па начах шыеш?

— У мяне няма такога, што не хапае часу. Часу хапае заўсёды, калі ёсць мэта. Раней я любіла спаць, магла цэлую ноч тусавацца ў клубах, а пасля спаць да абеду. Я нават заняткі ў каледжы прапускала з-за гэтага, і мела праблемы. Але аднойчы прачнулася і зразумела: усё, хопіць спаць. Трэба займацца справай.

Планы ў дзяўчыны сапраўды грандыёзныя. І ўсе яны звязаны з Радзімай. Ганна прызналася, што вельмі любіць Беларусь і нікуды не хоча адсюль з'язджаць.

Многія беларускі ездзяць адпачываць на мора восенню і ўзімку. Менавіта для іх Ганна пашыла сваю трэцюю — пляжную калекцыю сукенак.

— Мне тут вельмі камфортна. Я жыву адна (дакладней, з катом Смогам), паступіла ў віцебскі ўніверсітэт на бюджэт, вучуся і працую на сябе: індывідуальных заказаў хапае. Калі шчыра, не ўяўляю, як бы я апранула кітайцаў. У іх там настолькі шмат адзення (і каштуе яно капейкі), што яны набываюць часта новае і выкідваюць старое. Беларусы так не робяць. Калі купяць, то будуць насіць беражліва, акуратненька. Я не хацела б, каб мае сукенкі былі аднадзёнкамі — купіў і выкінуў. У будучым мару зрабіць калекцыю ніжняй бялізны, вельмі люблю гэту тэму.

— А Ганна-Марыя Эгліт — гэта тваё сапраўднае імя?

— Так. Калі не верыце, магу пашпарт паказаць (смяецца). Мяне бацькі назвалі Аняй, а хрысцілі Марыяй. Эгліт — прозвішча прабабулі з Латвіі. Яе таксама Ганнай звалі. Яна, дарэчы, цудоўна шыла, нейкі час на аршанскай фабрыцы працавала. Калі мне споўнілася 18, вырашыла ўзяць сабе прозвішча прабабулі. Па-першае, яно больш гучнае. Па-другое, бацькава прозвішча раскручана ў іншых колах. А я хачу самастойна зрабіць сабе імя.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН і з архіва гераіні

Каментары

Цудоўна! Беларуская тэма ў модзе. І чым больш вакол гэтага ўвагі - тым лепш. Такія дзяўчыны сапраўды звяртаюць на сябе увагу. Толькі для хлапцоў бы чагосьці яшчэ пашыць. Таксама ж хочацца жаночае ўвагі...
Што тычыцца арнаменту, я быў бы больш асцярожным. Лепш усё ж такі ведаць яго значэнне. А то так і мужчыну можна адзець у камізэльку з "бабай" (абярэг дзетанараджэння) :-)
так. І на гэта ёсць "фідбэк", які абавязкова дойдзе да вытворцы. Думаю - у любым выпадку нейкі рух гэта добра. А там удасканаліцца й падкарэктуецца...
Падабаецца, бо нацыянальны каларыт прапагандуецца; адзенне зпраектавана ў някідкім, але яркім і запамінальным стылі. З паклонам, С. Савіцкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Грамадства

Правила рекламной игры «o.b. действуй»*

Правила рекламной игры «o.b. действуй»*

Организатором Рекламной игры является Общество с ограниченной ответственностью «Агентство Маркетинговых Коммуникаций «РЭПКА».

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.