Вы тут

Якія кадры чакаюць на работу рэдактары раённых і абласных газет?


Як развівацца рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі: ісці па шляху ўзбуйнення і аб'яднання ці захоўваць аўтаномнасць? Як канкурыраваць з інтэрнэт-рэсурсамі і ўдасканальваць уласныя сайты? Якім павінна быць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады і якія кадры чакаюць на работу галоўныя рэдактары раённых і абласных газет? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі і Выдавецкім домам «Звязда».


Трэба адзначыць, што такой сустрэчы папярэднічалі абласныя семінары рэгіянальных СМІ, ініцыяваныя Адміністрацыяй Прэзідэнта, дзе прадстаўнікі рэдакцый і тэлекампаній дзяліліся сваімі поглядамі і вывучалі вопыт калег. Цяпер кіраўнікі рэгіянальных СМІ абмеркавалі надзённыя пытанні на рэспубліканскім узроўні і выказалі свае прапановы па ўдасканаленні дзейнасці.

— Рэгіянальныя СМІ вельмі блізкія да падпісчыка, з мясцовымі навінамі яны прыходзяць бадай што ў кожны дом. Іх роля надзвычай важная падчас выбарчых кампаній, — адзначыла начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель. — У той жа час падпісчык сёння вельмі патрабавальны, а інфармацыйная прастора развіваецца імкліва. Таму сродкі масавай інфармацыі таксама мяняюцца.

Сёння яны становяцца мультымедыйнымі, калі адначасова падаюць інфармацыю ў розных формах — тэкставай, аўдыяльнай, а таксама фота- і відэаінфармацыю. СМІ ператвараюцца ў шматканальныя крыніцы інфармацыі — перадаюць яе не толькі традыцыйным спосабам, але і праз вэб-сайты, суполкі ў сацсетках. Рэгіянальныя СМІ сёння павінны не абмяжоўвацца інфармацыяй з месцаў, а вырабляць рэспубліканскі кантэнт. А журналіст у сённяшніх рэаліях павінен быць універсальным — успрымаць і апрацоўваць розную тэматычную інфармацыю, а таксама перадаваць яе з дапамогай сучасных сродкаў.

На пытанні падрыхтоўкі кадраў звярнуў увагу і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў. Ён падкрэсліў, што прафесіяналізм журналістаў адыгрывае важную ролю ў аб'ектыўнасці асвятлення праблем. А ад тэндэнцыйных матэрыялаў нясе страты як аўтарытэт выдання, так і аўтарытэт выканаўчай улады. Таццяна Хмель паведаміла, што сёння спецыялістаў для СМІ, акрамя інстытута журналістыкі БДУ, рыхтуюць дзяржаўныя ўніверсітэты ў Гродне, Брэсце і Магілёве. І з імі існуе пастаянная зваротная сувязь. Студэнты практыкуюцца ў розных рэдакцыях, дзе створана сістэма настаўніцтва.

Галоўны рэдактар дзяржынскай раённай газеты «Узвышша» Ларыса Коршун паведаміла, што праблему з кадрамі яны вырашылі па-свойму: пры рэдакцыі стварылі «Клуб юных журналістаў», куды запрашаюць старэйшых школьнікаў.

— Сёння нават у раённай газеце журналіст павінен быць універсальным — ён мусіць і пісаць, і фатаграфаваць, і здымаць для тэлебачання, і запісваць радыёперадачы, і працаваць з сайтам, — расказала Ларыса Коршун. — Дарэчы, наш сайт за непрацяглы час атрымаў вялікую папулярнасць у рэгіёне. Зараз у нас у сярэднім 1700 унікальных наведвальнікаў у суткі. Па гэтым паказчыку мы займаем другое месца ў вобласці пасля Барысаўскага раёна. І ў нас ёсць рэзерв, каб гэта лічба вырасла да 3 тысяч. На сайце размяшчаем 13—15 навін штодзень, прычым яны адрозніваюцца ад тых, што друкуюцца ў газеце. Мэтавая аўдыторыя сайта — людзі ад 24 да 49 гадоў, самая плацежаздольная катэгорыя. А вось у друкаванай версіі, як правіла, падпісчыкі больш сталага ўзросту. Праз сайт імкнёмся рэкламаваць газету, і гэта спрацоўвае.

А вось Ігар Сяргееў, галоўны рэдактар рэчыцкай раённай газеты «Дняпровец», якая ў хуткім часе адзначыць свой 100-гадовы юбілей, упэўнены, што інтэрнэт адцягвае падпісчыка. У выданні самастойна распрацавалі сайт, і штодзень яго наведвае 4,5 тысячы ўнікальных наведвальнікаў. Старонку газеты ў «УКантакце» чытае 15 тысяч чалавек, у «Аднакласніках» — 6,5 тысячы. Тым не менш пакуль сайт не прыносіць прыбытку, а наадварот стратны.

— Інтэрнэт успрымаецца як бясплатны сродак атрымання інфармацыі. Але трэба памятаць, што ўсе друкаваныя СМІ выконваюць найперш ідэалагічную функцыю, а затым інфармацыйную і забаўляльную, — выказаў меркаванне Ігар Сяргееў. — Таму ўсе зацікаўленыя структуры павінны аб'яднаць намаганні, каб падтрымаць нас. Уплыў друкаваных СМІ ў інфармацыйнай прасторы не павінен слабець.

На думку Ігара Сяргеева, такія выданні застануцца і будуць існаваць. І прывёў прыклад Швецыі, дзе планамерна падтрымліваюць газеты.

— Асноўная аўдыторыя перыёдыкі там — людзі ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя. Гэта той жыццёвы перыяд, калі выплачаны крэдыты на жыллё і зроблены нейкія накапленні. Адзін са спосабаў іх прымнажэння — набыць акцыі адных прадпрыемстваў і прадаць акцыі іншых. У той жа час суб'екты гаспадарання абавязаныя размяшчаць справаздачы аб фінансавай дзейнасці ў мясцовых газетах. Такім чынам чытачы атрымліваюць карысную для сябе інфармацыю, аналізуюць і прымаюць рашэнні, якія акцыі ім набыць, ад якіх пазбавіцца. Такое рашэнне на дзяржаўным узроўні прынята, каб падтрымаць газеты. У выніку выйграюць усе — і ўлада, і газеты, і іх чытачы, — падзяліўся Ігар Сяргееў.

Ён расказаў, што ў Швецыі рэгіянальныя газеты належаць холдынгам. Прычым большасць выданняў вядуць свой летапіс з пазамінулага стагоддзя. Зразумела, што за гэты час у іх змяніўся шэраг уласнікаў, аднак назва засталася.

Аб рабоце ў складзе айчыннага холдынга расказала і Ларыса Коршун. Каля паўгода таму дзяржынская раённая газета «Узвышша» была аб'яднаная ў холдынг з абласным выданнем «Мінская праўда». Галоўны рэдактар падкрэсліла, што станоўчых момантаў у такім узбуйненні шмат.

— Сёння нашы чытачы атрымліваюць дзве газеты — раённую і абласную. Прычым «Узвышша» выйшла на каляровы друк, і падпісчыкі атрымалі больш якасны прадукт. Фармат раённай газеты быў залішне кансерватыўны, і «Мінская праўда» падштурхнула нас да развіцця — і ў інфармацыйным напаўненні, і ў дызайне мы сталі лепшыя. А абласная газета праз нас наблізілася да чытача. Прычым мы меркавалі, што частка падпісчыкаў будзе задаволеная, а нехта і негатыўна ўспрыме аб'яднанне, аднак адмоўных водгукаў не атрымалі. Тыраж нашай газеты не зменшыўся, нягледзячы на тое, што кошт, хоць і нязначна, але павялічыўся. Вырасла і заработная плата ў супрацоўнікаў рэдакцыі. Будзем развівацца далей: працаваць над сайтам і ствараць сваю рэкламную газету, якая будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, — паабяцала Ларыса Коршун.

Аб яшчэ адным варыянце ўдасканалення работы рэгіянальных СМІ — кластары — расказаў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Юрый Касіцкі.

— Сумесна з кафедрай журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэта быў створаны медыйна-інфармацыйны кластар на базе «Гродзенскай праўды». Карысць ад кластара атрымалі найперш супрацоўнікі раённых газет, якія праходзяць стажыроўкі і майстар-класы па розных кірунках, пачынаючы ад вёрсткі, тэматычнага напаўнення газеты да прасоўвання сайта ў сеціве. Акрамя гэтага, паміж раённымі і абласной газетай наладжаны пэўны інфармацыйны абмен. У «Гродзенскай праўдзе» друкуюцца навіны з самых розных куткоў вобласці. Раённыя газеты ў сваю чаргу атрымліваюць карысную інфармацыю з усёй Гродзеншчыны.

Наведваюць рэгіянальныя журналісты і «Школу журналістыкі «Майстэрня BY-RU», дзе прафесійныя сакрэты раскрываюць расійскія карэспандэнты, рэдактары, менеджары СМІ і PR-спецыялісты. А таксама павышаюць кваліфікацыю ў творчай майстэрні на базе тэлерадыёкампаніі «Гродна Плюс». Усё гэта спрыяе росту прафесійнага майстэрства.

— Уніфікацыя, глабалізацыя — той шлях, па якім павінны ісці сучасныя сродкі масавай інфармацыі, — пагадзіўся дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — Ён мае перспектыву, бо такія выданні выйграюць у плане ўзаемнага інфармацыйнага абмену, мабільнасці, падрыхтоўкі кадраў.

Галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Зара» Аляксандр Лагвіновіч засяродзіў увагу на тым, што абласной газеце, у адрозненне ад рэспубліканскай і раённай, складаней дайсці да падпісчыка.

— Сёння не кожная сям'я можа дазволіць сабе выпісваць і раённую, і абласную газету. Мы апынуліся ў няпростых умовах канкурэнцыі. Тым не менш гэта прымушае нас развівацца. У газеце, напрыклад, з'явілася рубрыка «Рэгіён». Людзям цікава не толькі тое, што адбываецца побач, але і тое, як жывуць суседзі. Мы пачалі друкаваць цікавыя навіны з Гродзенскай вобласці, і бачым, што чытачам гэта ідэя прыйшлася даспадобы. У барацьбе за падпісчыка мы стварылі асобны падпісны індэкс для прадпрыемстваў, якія могуць падпісаць сваіх работнікаў. Але тут нярэдка нам прыходзіцца канкурыраваць з галіновымі выданнямі.

Аляксандр Лагвіновіч падкрэсліў, што з імклівым развіццём інфармацыйнай прасторы не толькі рэдактары і журналісты павінны быць асобамі публічнымі. Датычыцца гэта і прадстаўнікоў мясцовай улады. Яны мусяць быць гатовымі аператыўна даць неабходную інфармацыю, своечасова адрэагаваць на праблемнае пытанне каментарыем на тэлебачанні, радыё ці ў газеце.

— Мэта папярэдніх семінараў рэгіянальных СМІ і сённяшняга мерапрыемства — пачуць голас рэгіёнаў, атрымаць прапановы для далейшага ўдасканалення работы перыядычных выданняў, — падкрэсліла, падводзячы вынік круглага стала, Таццяна Хмель. — Мы прыйшлі да высновы, што разрозненыя структуры сёння, на жаль, прайграюць тым, хто пайшоў па шляху ўзбуйнення. І інфармацыйныя кластары, і медыйныя холдынгі дэманструюць сваю выніковую дзейнасць і ў эканамічным плане, і выйграюць у барацьбе за чытача.

Усе прапановы ад прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ будуць разгледжаныя і прааналізаваныя ў Міністэрстве інфармацыі, далейшая стратэгія развіцця будзе будавацца з іх улікам.

Алена КРАВЕЦ

kravets@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Пачуць голас рэгіёнаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...