Вы тут

З каралём ці без караля: формы ўлады ў фэнтэзі


 

З каралём ці без караляформы ўлады ў фэнтэзі

У фэнтэзйных кнігах, фільмах цi нават камп’ютарных гульнях словы «дзяржава» і «каралеўства» - амаль сінонімы. Не дзіва: калі мы кажам пра выдуманага ўладцу, то амаль заўсёды ўяўляем караля. І часцяком гэты кароль мае неабмежаваную уладу – то бок, гаворка ідзе пра абсалютную манархію. Але на самой справе гісторыя паказвае, што манархія – далёка не адзіная форма ўлады ў Старажытным свеце і Сярэднявеччы. У дадзеным артыкуле разглядаюцца і іншыя палітычныя сістэмы, якія могуць натхніць не толькі пачынаючых, але і дасведчаных пісьменнікаў.

«У асобе караля ўвасабляецца дзяржава», – так казаў англійскі філосаф Томас Гобс. Для аўтараў, якія працуюць ці збіраюцца працаваць у жанры фэнтэзі, гэтая фраза можа мець такое значэнне: пры стварэнні ўласнага свету варта прадумаць, хто кіруе краінай – і астатнія кавалачкі мазаікі падбіраюцца даволі лёгка. Выберыце прыдатную форму ўлады, і перад вамі класічнае каралеўства, пірацкае марское валадарства, альбо зямля суровых і нешматслоўных ваяроў. Розныя палітычныя парадкі могуць існаваць побач у адзін перыяд часу: пра гэта сведчыць сама гісторыя. Так, у антычным свеце ў Афінах была дэмакратыя, у Спарце – дыярхія (два цары) з элементамі герантакратыі (улады старэйшых), у Фівах – алігархія, у Персіі – імперыя, а ў Егіпце – царства.

Калі вы абіраеце манархію, важна помніць, што яна не заўжды павінна быць абсалютнай. Больш за тое, для еўрапейскага Сярэднявечча (а менавіта на ім грунтуецца звыклае нам фэнтэзі) неабмежаваная ўлада караля была выключэннем – абсалютызм усталяваўся пазней, у Новы час. Да гэтага панаванне манарха абмяжоўвалі многія фактары. Узяць хаця б самакіраванне феадалаў-землеўласнікаў, у якіх быў свой суд, паліцыя, войска і нават зборшчыкі падаткаў. Нярэдка такія землеўладальнікі станавіліся багацейшымі і магутнейшымі за афіцыйную ўладу, так што калі кароль хацеў пачаць вайну альбо пабудаваць крэпасць, яму даводзілася займаць у феадалаў войска і грошы.

Больш тыповай формай кіравання для Сярэдніх вякоў з'яўляецца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Вярхоўны правіцель падзяляе ўладу з прадстаўнікамі грамадства. Звычайна пры гэтым ствараецца дарадчы орган з «пасланнікаў» ад найболей уплывовых сацыяльных груп - купцоў, рамеснікаў, духавенства і гэтак далей. У Рэчы Паспалітай гэта быў Сойм, у Рускім царстве – Земскі сабор, а ў Англійскім каралеўстве – парламент.

Форма праўлення, пры якой улада належыць шляхце, называецца арыстакратыяй. Яна ўжо знаёмая нам з фільмаў, мастацкай і навучальнай літаратуры. Настолькі знаёмая, што многія аўтары ствараюць шляхетныя сем'і літаральна з паветра, не задумваючыся аб тым, чаму менавіта гэтыя людзі лічацца «вышэйшымі» і «лепшымі». Адгаворка пра «прадстаўнікоў старадаўняга роду» вельмі павярхоўная, бо прапрадзядуля якога-небудзь лорда з'яўляецца такім жа старажытным, як і продак беднага селяніна таго ж калена. Пісьменніку фэнтэзі варта разумець, што ён не проста стварае светы, але і вяршыць там гісторыю. І абгрунтаванне «шляхетнасці» арыстакратаў дазволіць узбагаціць сюжэт, развіць сімволіку (сцягі, гербы, пячаткі) і сфармаваць характары пэўных персанажаў.

Сапраўды, як шляхта становіцца шляхтай? У розных грамадствах могуць быць розныя прычыны фармавання эліты: багацце, ваенныя подзвігі, гісторыі і традыцыі, магічнае і медычнае майстэрства, веды рэлігійных абрадаў і містэрый, меркаваныя крыўныя сувязі з багамі ці рэальнае сваяцтва з царом. Напрыклад, рымскія патрыцыі – гэта прадстаўнікі самага першага насельніцтва будучай імперыі. Кожны з жыхароў яшчэ невялікага Рыма стаў заснавальнікам роду, і яго нашчадкі насілі радавое імя. З часам яны ператварыліся ў прывілеяванае саслоўе і сталі называцца патрыцыямі.

Калі арыстакратыя як форма кіравання звычайна не выклікае пытанняў, то ў выпадку з алігархіяй усе складаней. Шмат хто памылкова называе алігархію «уладай багатых». Вінавата сучаснае тлумачэнне гэтага слова: алігархамі зараз называюць людзей з вялікімі грошамі. Але на самой справе алігархія – гэта «улада нешматлікіх», і тут з'яўляецца бязмежны прастор для ўяўлення пісьменніка фэнтэзі. Хто такія гэтыя «нешматлікія»? Чараўнікі, жрацы, нашчадкі старажытнага караля? Выхадцы з-за мора, прадстаўнікі іншай расы? Людзі, якія ўмеюць утаймоўваць агонь або якія валодаюць таемнымі ведамі? Як можна заўважыць, такая форма кіравання вельмі цікавая ў выдуманых светах, і большасць аўтараў несправядліва абыходзіць яе бокам.

Даволі часта ў кнігах і фільмах фігуруе савет старэйшын. Такая форма ўлады называецца герантакратыяй. Яе галоўны прынцып можна сфармуляваць так: хто даўжэй жыве – той разумнейшы, а хто разумнейшы – той і кіруе. Калі звярнуцца да нашай гісторыі, то старэйшынам, як ужо гаварылася раней, прыналежала ўлада ў антычнай Спарце і ў некаторых народаў Каўказа. Сёння да дзяржаў з герантакратыяй можна аднесці Ватыкан.

Пісьменнікі і рэжысёры нярэдка выстаўляюць герантакратаў у негатыўным святле: уладцы паказваюцца кансерватыўнымі, часам паўвар'ятамі, якія трымаюцца за мінулае і супрацівяцца зменам. Але ў фэнтэзі магчымая зусім іншая карціна. Па-першае, даўгавечнікі сапраўды могуць аказацца самымі разумнымі і карыснымі людзьмі, калі ў іх свеце існуюць невычэрпныя веды – напрыклад, спасціжэнне магіі. У такім разе, чым даўжэй чалавек асвойвае нейкую навуку, тым лепей у ёй разбіраецца і тым магутней становіцца. А па-другое, у чароўных сусветах шаноўны век не заўжды азначае лядашчасць цела і млявасць розуму. Напрыклад, прыгажуня Галадрыэль з «Уладара пярсцёнкаў» Джона Р.Р. Толкіна з'яўлялася найстарэйшай з эльфаў Міжзем'я, падчас Вайны Пярсцёнка ёй было больш за восем тысяч гадоў. Так што з некаторай доляй гумару можна сказаць, што формай улады ў Ларыэне была герантакратыя.

Калі ў вашым свеце добра прапісаны рэлігійны складнік, то лагічнай формай улады можа стаць тэакратыя – палітычная сістэма, пры якой улада знаходзіцца ў руках духавенства. У такім разе або сам уладар з'яўляецца вярхоўным жрацом (як гэта было ў Тыбеце, калі ім фармальна кіраваў Далай-лама), або рэлігійныя дзеячы маюць рашаючы ўплыў на палітыку дзяржавы. Апошні выпадак ярка паказаны ў фэнтэзійным серыяле «Гульня тронаў», якi створаны па матывах раманаў пісьменніка Джорджа Марціна. Там вандроўны служка культу па мянушцы Яго Верабейшасць фактычна кіраваў маладым і недасведчаным каралём Томэнам і аб'яўляў, што паміж каронай і верай заключаны святы саюз.

Аўтарам таксама варта звярнуць увагу на такія цікавыя формы кіравання, як стратакратыя (дзе дзяржаўныя пасады звычайна займаюць ваяводы і вайсковае мастацтва шануецца найвышэй усяго); крытакратыя (сацыяльная сістэма, заснаваная на ўладзе судоў); клептакратыя (улада належыць махлярам, якія адкрыта раскрадаюць багацці краіны і нават не робяць выгляд, што служаць народу) альбо таласакратыя (так званая «улада мора», калі ўсё эканамічнае, палітычнае і культурнае жыццё дзяржавы так ці іначай звязана з морам, марскім суднаходствам і кантролем марскіх прастор).

Асобна трэба вылучыць наакратыю – «уладу розуму». У самым агульным сэнсе яна азначае, што дзяржавай кіруе той, хто дасягае пэўнага ўзроўню ведаў, уменняў. Наакратычнае грамадства апісана ў фантастычным рамане-утопіі англійскага пісьменніка Герберта Уэлса «Людзі як багі». Лічыцца, што гэта сучасная форма кіравання і ні ў Старажытным свеце, ні ў Сярэднявечча яна ўзнікнуць не магла. Аднак наакратыя можа быть жыццяздольнай ў фэнтэзі. Напрыклад, у дзяржаве чараўнікоў: калі чалавек дасягае пэўнага ўзроўню майстэрства і яму адкрываюцца новыя прасторы заклінанняў, ён уваходзіць у верхавіну ўлады. Магія ў дадзеным выпадку супастаўляецца з навукова-тэхнічным прагрэсам. Не дарма ж асгардскi бог грому Тор, герой аднайменнага фільма Marvel Studios (які таксама адносяць да жанру фэнтэзі) казаў зямлянам: «Мы завём гэта магіяй, вы – навукай, але насамрэч гэта адно і тое ж».

Вядома, вышэй быў прыведзены далёка не поўны спіс розных палітычных сістэм. Астатнія формы ўлады, з якімі можна азнаёміцца самастойна, таксама вельмі цікавыя. Кожная з іх можа стаць грунтам для выдуманай дзяржавы. Галоўнае для аўтара – асэнсаваць, што гістарычныя рэаліі значна ярчэйшыя і глыбейшыя за стэрэатыпныя казкi. І што з іх дапамогай можна стварыць свой унікальны свет, у які чытачу захочацца верыць.

Надзея ЯСМІНСКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Укладваць у офісы зноў выгадна

Укладваць у офісы зноў выгадна

Бізнес развіваецца больш дынамічна, бо з моманту апошняга скачка курса валют прайшло ўжо больш за два гады.

Спорт

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!