15 Жнівень, серада

Вы тут

Куст ажыны


Бабуля сябра аддала мне ўпакоўку таблетак. «Можа прапануй каму, мне доктар прапісаў іншыя». Спачатку думала выкласці аб'яву на сайт «Аддам. Задарма», але потым успомніла пра сваю калегу, спадарыню Доўнар. Валянціна Аркадзеўна практычна штодзень з «народам на провадзе». Раптам каму з аўтараў вясёлых ды праўдзівых гісторый тыя лекі прыйдуцца дарэчы? «Я з чытачамі пра хваробы звычайна не гавару, — пачула ў адказ. — Але няхай паляжаць. ...Ведаеш, што мы робім з маім чалавекам (мае на ўвазе мужа), калі не можам знайсці кансэнсусу — напрыклад, куды павесіць чарговую фатаграфію? Замест таго, каб спрачацца, заўсёды кажам: «Няхай паляжыць».


Усё наша жыццё складаецца з сітуацый. Большасць з іх адбываецца зусім нечакана і ад нас, як правіла, не залежыць. Але адна з нямногіх рэчаў, якую мы кантралюем, — наша рэакцыя на гэтыя сітуацыі. Як мы да іх ставімся, так і жывём.

Не раз чула скаргі пажылых, што студэнты ўтаропіліся ў акно, абы не саступаць месца. Маўляў, «ну і моладзь пайшла, ніякага выхавання». Пачуўшы гэта, як правіла, хлопцы ды дзяўчаты месца саступаюць, але на гэтым канфлікт не спыняецца.

Каб пазбегнуць падобных сітуацый, я звычайна еду стоячы. Але на днях вырашыла правесці эксперымент. Уладкавалася на сядзенні ля акна і зрабіла выгляд, што заснула. Неўзабаве мяне «разбудзіла» абуранае «ну і моладзь...» Я хуценька падхапілася: маўляў, «бабулечка, не абурайцеся. Падумайце пра сваё здароўе. Хвалявацца шкодна. Дзякуй вялікі, што разбудзілі мяне, інакш бы праспала свой прыпынак»... І — што вы думаеце, бабульку, быццам падмянілі. Яна пачала мне расказваць, што едзе ў паліклініку. Што сапраўды доктар раіў не хвалявацца. Пажалілася на ўнучку, якая яе не цэніць, наведвае толькі, калі патрэбныя грошы. Карацей, расставаліся мы ледзь не абдымаючыся. І я ў чарговы раз пераканалася, што найлепшая зброя супраць людзей, якія настроены агрэсіўна, гэта цеплыня і ўвага. Мы можам адказваць на ўдар ударам, тым самым памнажаючы негатыў, а можам змякчыць яго сваёй шчырасцю ды ўсмешкай. Калі не падкідваць дровы у чужую агрэсію, яна затухае.

Раней я перажывала, калі людзі, якім давярала, «падстаўлялі» мяне. Апошнім жа часам стараюся нічога ні ад каго не чакаць, і, ведаеце, трывога знікла... Недарэмна мудрыя людзі кажуць: калі навучышся пазбаўляцца ад чаканняў, ніколі не будзеш расчароўвацца.

— Вы адчуваеце боль, калі здраджваюць? — запыталіся падчас аднаго з інтэрв'ю ў Барыса Грабеншчыкова, лідара гурта «Акварыум».

— А як мне могуць здрадзіць?

— Нельга?

— А як? У мяне няма чаканняў. Калі вы, напрыклад, захочаце мне здрадзіць, то я буду не супраць, таму што і не чакаю, што вы будзеце мне верныя.

— Няўжо вы ні ад каго ў жыцці не чакаеце вернасці?

— А навошта? ...Вы чакаеце вернасці ад куста ажыны?

— Хацелася б, каб яна адпавядала, не пладзіла маліны замест ажын...

— Дык чыя гэта віна? Куста ажыны ці нас? Ад гэтага і ўсе беды. Таму што мы хочам, каб у жыцці ўсё было так, як мы хочам. Прычым як нас навучылі хацець.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.