Вы тут

Бабчына навука


Цi патрэбны ў сучасным светаўладкаваннi «iнстытут бабуль»?

Бабка Амiля пайшла ў нябыт роўна дваццаць два гады назад, лютаўскай заснежанай ноччу, дачакаўшыся, пакуль развiтацца з ёй збяруцца ўсе даўно ўжо дарослыя ўнукi. Цiха, бы заснула, сканала ў роднай хаце, дзе пражыла амаль ўсе свае доўгiя гаротныя дзевяноста гадоў. Не нажыла за іх анiякага багацця, не пакiнула спадчыннiкам нi дарагiх убораў, нi залатых бранзалетаў, нi нават ашчаднай кнiжкi. Усе яе каштоўнасцi змясцiлiся ў невялiкiм «пудэлку» — кардоннай скрыначцы, якую клапатлiва хавала на верхняй палiцы шафы за сваiмi хусткамi, — пасведчанне аб рэабiлiтацыi расстралянага ў 1937 годзе мужа, пажаўцелая картачка, на якой яна з iм удваiх, патрапаны каталiцкi малiтоўнiк, стары парваны на некалькi кавалкаў ружанец... Вельмi любiла гасцiнцы, асаблiва шакаладныя — «мяккiя» — цукеркi, але ад абновак катэгарычна адмаўлялася. У апошнiя гады з задавальненнем даношвала маю школьную яшчэ ружовую балоневую куртку. Такой яна i засталася ў памяцi назаўсёды — чысценькая, з цiкаўнымi жывымi вачыма, у ружовай дзявочай куртцы сядзiць на лавачцы ля плота, углядаецца ў доўгую вулiцу, чакае, калi ты будзеш iсцi з аўтобуса...


Фота yandex.ru

У кагосьцi ў жыццi быў дзiцячы сад, а ў нас была бабка. (Сада проста фiзiчна не было ў наяўнасцi ў радыусе дванаццацi кiламетраў). Бабуля з абавязкамi выхавацеля спраўлялася на «выдатна»: дзiця было апранута, прычасана, пакормлена. Дзiцяцi расказвалiся дзiвосныя, пасля нiдзе не прачытаныя, казкi i спявалiся адмысловыя, ва ўласнай iмправiзацыi калыханкi (напрыклад, пра ката, якi «палез бы вышай, ды баiцца мышэй, палез бы далей, ды згубiў сандалi»).

А яшчэ бабуля вучыла элементарным жыццёвым рэчам. Напрыклад, заплятаць касу. Ля ложкаў у спальнi вiселi вельмi модныя ў той час дыванкi з намаляванымi персанажамi казак i махрамi па краях. I мы не супакойвалiся, пакуль гэтыя махры ўсе не былi заплеценыя ў даволi зграбныя косы. А ўлетку мы сушылi на паўмежку сена, i бабуля цярплiва вучыла правiльна трымаць граблi. Пры гэтым не ленавалася паказаць трыпутнiк i расказаць, як iм карыстацца, каб спынiць кроў з парэзанага пальца. Вучыла, што трэба крыкнуць услед буслу, якi лунае ў небе, каб заўтра было добрае надвор'е («Бусел-бусел, вылi воду, закружыся на пагоду!»). Сама таго, напэўна, не ведаючы, давала практычныя ўрокi жывой беларускай мовы — а яна ж усё жыццё толькi на ёй i гаварыла. Сама нiколi без вельмi важкай прычыны не плакала i нам не раiла. Казала: «Многа iм гонару, што ты плачаш». (Цiкава, адкуль яна ўзяла на ўзбраенне гэту формулу: атрымала ў спадчыну ад сваёй бабулi, цi вывела-выпакутавала яе сама, калi стаяла ля турмы на Валадарскага з хатульком-перадачай для арыштаванага мужа, а конныя мiлiцыянеры бiлi яе i гэткiх самых няшчасных шашкамi плазам па галовах, каб разыходзiлiся?..)

Бабкi ўжо дваццаць два гады як няма на гэтым свеце, а яе навука помнiцца ва ўсiх фарбах i дэталях, дапамагае жыць i выжываць у наш шалёны час. Пэўна, для гэтага бабулi i былi прыдуманыя ў нашым светаўладкаваннi, — дапамагаць, падтрымлiваць, вучыць, падказваць, раiць... А яшчэ для таго, каб iх унукi адчувалi сябе больш упэўненымi i хоць на калiва шчаслiвейшымi.

Толькi вось (папраўце мяне, калi я памыляюся) у нас ужо як мiнiмум адно пакаленне вырасла без бабуль. Фiзiчна яны, канешне, прысутнiчаюць. Але гэтыя маладыя яшчэ, самадастатковыя, у большасцi працуючыя жанчыны занадта занятыя самiмi сабой, каб заняцца ўнукамi, якiх яны безумоўна вельмi любяць. Iнстытут бабуль — адзiн з самых важных у плане выхавання чалавека грамадскiх iнстытутаў — сёння фактычна лiквiдаваны. Бо купiць унуку цукерку цi кнiжку, нейкi час спагадлiва паназiраць за яго выбрыкамi («хай пацешыцца дзiця») i панесцiся далей па сваiх справах — гэта зусiм не тое, што ўнуку ад бабулi патрэбна. Але на iншае неабходныя час i засяроджанасць. А нi таго, нi другога вельмi часта ў сучасных бабуль проста не стае.

Можа, таму сярод нашай моладзi так сёння шмат разгубленых няўпэўненых твараў? Можа, вiнаватыя не толькi гаджэты ды сацыяльныя сеткi?

Нядаўна назiрала, як старэйшая сястра — таксама дама надзвычай дзелавая i занятая — укладвала спаць двухгадовую ўнучку (дзецi ўгаварылi пабыць ноч за няньку). Малая класцiся нiяк не хацела — не дапамаглi нi традыцыйныя «Спят усталые игрушки», нi прывезеныя прысмакi, нi прагледжаны некалькi разоў «Калабок» на бабулiным смартфоне. I тады наша баба Таня запела старое i наiўнае, ад бабкi Амiлi калiсьцi пачутае: «Ходзiць коця па плоце ў чырвонай капоце»... Малая радасна ўздыхнула: «Мяў!», сцiшылася, уважлiва слухаючы, i праз колькi хвiлiн ужо моцна спала.

Дасць Бог, спяе калiсьцi гэту калыханку сваёй унучцы.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі?

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі?

Кожны тыдзень у хірургічнае аддзяленне трапляе чатыры—пяць пацыентаў, якія праглынулі іншароднае цела.

Грамадства

У Футбольным манежы завяршыўся конкурс WorldSkіlls Belarus 2018

У Футбольным манежы завяршыўся конкурс WorldSkіlls Belarus 2018

Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла ў спартыўным комплексе «Веладром».

Эканоміка

Што атрымае сельская гаспадарка ад вырошчвання соі?

Што атрымае сельская гаспадарка ад вырошчвання соі?

Гэту тэму падказаў наш чытач: у сваім лісце ён абураўся, чаму на Беларусі не вырошчваецца соя.

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.