16 Жнівень, чацвер

Вы тут

Як стварыць міні-ружоўнік на падаконніку


Наўрад ці хто з прыгожай паловы чалавецтва адмовіцца атрымаць у падарунак вазон з жывой мініяцюрнай ружай, якая здольная доўга радаваць сваімі пяшчотнымі кветкамі. Нягледзячы на яе невялікія памеры, гэта расліна вельмі капрызная.


Бываюць і ў палоску

Пакаёвымі ружамі называюць шырока вядомыя ва ўсім свеце групы нізкарослых руж. У вышыню яны звычайна дасягаюць ад 30 да 60 см. Часам іх называюць мініяцюрнымі, гаршковымі, кітайскімі або карлікавымі. Яны маюць багатую палітру расфарбоўкі: чырвона-ружовыя, жоўтыя, крэмавыя, белыя і бледна-ліловыя колеры. Ёсць і сарты з кветкамі ў палоску. У камфортных умовах міні-ружы здольныя цвісці практычна круглы год. Кветкі расліны, як правіла, маюць вельмі прыемны водар, але сустракаюцца расліны і без паху.

Перад купляй старанна вывучаем

Пры выбары міні-руж для вырошчвання на падаконніку лепш звярнуць увагу на паліянтавыя, бенгэльскія, рэмантантныя, пернетыянскія, чайныя і чайна-гібрыдныя мініяцюрныя ружы. Гэтыя сарты спецыяльна падрыхтаваны для пакаёвых умоў. Таксама ў кватэры добра будуць сябе адчуваць ружы серыі Parade (Галандыя) і серыі Patіo (Данія).

Самы прыдатны час для куплі пакаёвых руж — апошні зімовы і першы вясновы месяцы. Гэта найбольш спрыяльны перыяд для стварэння найлепшых умоў для іх адаптацыі. Пры выбары мініяцюрнай ружы неабходна ўважліва вывучыць яе знешні выгляд. Лісце павінна быць насычанага цёмна-зялёнага колеру, без чорных або карычневых кропак. Перавагу варта аддаць тым экзэмплярам, у якіх больш бутонаў, якія яшчэ не раскрыліся.

Ахаваць ад цемры і скразнякоў

Для забеспячэння ружачкам аранжарэйнага камфорту спатрэбяцца вялікія намаганні, якія будуць узнагароджаныя. У першую чаргу дайце кветцы пабольш святла. Для гэтых мэт добра паслужыць лямпа дзённага асвятлення. Тэмпературу паветра пажадана ўтрымліваць на ўзроўні 16—25 градусаў цяпла. Не варта падвяргаць расліну багатаму батарэйнаму абаграванню, для яе гэта можа быць пагібельным.

Перасушаная глеба, сухое паветра і скразнякі аднолькава негатыўна адбіваюцца на кветках. Вырашыць праблему з недастатковай вільготнасцю глебы дапаможа паддон з вадой. Для апырсквання падыдзе толькі цёплая вада, паколькі халодная правакуе з'яўленне мучністай расы. Памерлыя кветкі пажадана зрэзаць з адной парай лісця нажніцамі, а не зрываць рукамі. Калі пад канец вясны на вуліцы ўсталюецца добрае надвор'е, то расліну можна смела выносіць на свежае паветра. Для багатага цвіцення пакаёвай ружы вясной пажадана трохі падрэзаць парасткі.

Можа сысці ў «спячым рэжыме»

Не палохайцеся, калі расліна бліжэй да восені скіне ўсю лістоту і доўгі час (да паўгода) адмовіцца цвісці. Гэта нармальны для яе стан спакою. Проста трэба аднесці ружу ў халоднае месца (не больш за 7—10 градусаў), забяспечыць ёй умераны паліў і чакаць абуджэння. Пакаёвая ружа спагадная да падкорму. З сакавіка па ліпень раз у два тыдні ўносяць вадкія або арганічныя ўгнаенні.

Пасля абуджэння ад сну (звычайна ў сакавіку) ружа гатовая да пераезду. Перасадзіць яе можна ў невялікі гаршчок з сумессю з глініста-дзярновай і ліставой зямлі, з даданнем да яе пяску (суадносіны 2:1:1) і крышачку торфу. Спосабаў размножыць пакаёвыя ружы маса — насеннем, адводкай, каранёвымі атожылкамі, прышчэпкай і чаранкаваннем. Апошні з іх — найбольш папулярны і зручны. Парасткі з бутонамі неабходна нарэзаць на некалькі чаранкоў, кожны з якіх мае па дзве-тры пупышкі. Затым, злёгку нахіляючы, іх саджаюць у гаршчок. У канцы трэба накрыць чаранкі плёнкай і пачакаць каля 15—25 дзён, пакуль расліны ўкарэняцца.

Загаловак у газеце: Міні-ружоўнік на падаконніку

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.

Грамадства

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько.

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі.