15 Жнівень, серада

Вы тут

Што робіць чалавека няшчасным


Амаль усім людзям падабаецца думаць, што яны ўнікальныя і іх праблемы выключна індывідуальныя. Зрэшты, бывае і такое, аднак даволі рэдка. А вось новае даследаванне выявіла, што многія людзі часцяком няшчасныя па адной і той жа прычыне. Гэта адбываецца не з-за працы, недахопу грошай або руціны, прычына можа быць таксама ў тым, што вы працягваеце чытаць гэты артыкул менавіта ў інтэрнэце.


Даследаванне, апублікаванае на партале Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыі, паказала, што з мільёна падлеткаў, апытаных у ЗША, самыя нешчаслівыя праводзяць шмат часу каля экранаў. З усіх апытаных падлеткаў тыя, хто прызнаўся, што праводзіць больш за пяць гадзін штодзень у сваіх тэлефонах, у інтэрнэце, гуляючы ў відэа-гульні, або хто проста глядзіць тэлевізар, у асноўным аказаліся нешчаслівымі. Такое даследаванне праводзіцца штогод з 1991 года і ахоплівае выключна навучэнцаў ад восьмых да дванаццатых класаў у амерыканскай школьнай сістэме.

У артыкуле для партала Quartz адна з вядучых аўтараў даследавання і прафесар псіхалогіі Дзяржаўнага ўніверсітэта Сан-Дыега Джын Твенгэ піша: «Кожны год падлеткаў пытаюцца не толькі пра тое, як яны праводзяць час, але і пра тое, ці шчаслівыя яны. Мы выявілі, што падлеткі, якія праводзяць больш часу, сустракаючыся з сябрамі, займаюцца спортам, наведваюць рэлігійныя мерапрыемствы, чытаюць ці нават проста выконваюць школьныя хатнія заданні, адчуваюць сябе больш шчаслівымі. У той жа час падлеткі, якія праводзяць больш часу ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, у камп'ютарных гульнях, маюць зносіны з сябрамі праз sms ці відэа-чаты або проста глядзяць тэлевізар, менш шчаслівыя».

Улічваючы, што такое даследаванне праводзіцца ўжо на працягу 30 гадоў, навукоўцы заўважылі нечаканае зніжэнне ўзроўню шчасця падлеткаў у раёне 2012 года — якраз у той час, калі смартфоны сталі даступныя ўсім. На думку Твенгэ, выкарыстанне інтэрнэту ўзрасло ўдвая ў перыяд з 2006 па 2016 год і 82 % навучэнцаў старэйшых класаў сёння выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі кожны дзень. Разам з паніжэннем узроўню шчасця прыходзяць і больш небяспечныя праблемы: дэпрэсія, нізкая самаацэнка, прычыненне сабе шкоды і, нарэшце, суіцыд. Псіхалагічны мінус выкарыстання экранаў не з'яўляецца нейкай унікальнай асаблівасцю падлеткаў, паколькі даследаванні, апублікаваныя на сайтах Нацыянальнага цэнтра біятэхналагічнай інфармацыі і выдавецкай кампаніі SAGE, паказалі, што ад гэтага пакутуюць і дарослыя.

Твенгэ адзначае: «Такая ж тэндэнцыя існуе і ў дарослых: я і мой суаўтар раней ужо выявілі, што людзі ва ўзросце за 30 менш шчаслівыя, чым яны былі 15 гадоў таму, і займаюцца сексам радзей. Для такога развіцця падзей можа быць мноства прычын, але дарослыя таксама праводзяць больш часу каля экранаў, чым раней. Гэта можа абмяжоўваць і абмяжоўвае час, які праводзіцца з жывымі людзьмі асабіста, у тым ліку
і з сексуальнымі партнёрамі. Вынік — менш сексу і менш шчасця».

Можна вырашыць, што калі б мы зусім перасталі карыстацца гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі, то адразу сталі б нашмат больш шчаслівымі, так? Цікава, але даследчыкі выявілі, што падлеткі, якія зусім не праводзяць час у інтэрнэце і не карыстаюцца гаджэтамі, былі ўсё ж крыху больш няшчаснымі за тых, хто праводзіць анлайн зусім невялікую колькасць часу (менш за гадзіну ў дзень). Відавочна, сёння цалкам выкараніць электронныя прыстасаванні з нашага жыцця практычна немагчыма, але абмежаванне выкарыстання, магчыма, можа дапамагчы падняць наш узровень задавальнення жыццём ці, проста кажучы, шчасця.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Менш бывай у інтэрнэце...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.