Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка: Праблема сацыяльнага інфантылізму ўзнікла даўно


«У дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў ёсць шырокая прастора для праяўлення ініцыятывы і актыўнасці», — заявіў у інтэрв'ю «Звяздзе» старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА.


— Уладзімір Паўлавіч, вы прайшлі ўнікальную дэпутацкую школу ў мясцовых Саветах, Вярхоўным Савеце БССР, Савеце Рэспублікі і ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якую ўзначальваеце ўжо трэцяе скліканне. Скажыце з вышыні вашага вопыту, якую ўладу мае дэпутат?

— Улада дэпутата — гэта яго ўплыў на вырашэнне канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем і пытанняў, важных для людзей, тэрыторый, рэгіёнаў і краіны, на грамадска-палітычныя падзеі і грамадскія працэсы. Зразумела, у рамках сваёй кампетэнцыі, вызначанай заканадаўствам. Я думаю так, калі гаварыць коратка.

Маеце на ўвазе парламентарыяў?

— Чаму толькі іх? Дэпутатаў усіх прадстаўнічых дзяржаўных органаў — і парламента, і мясцовых Саветаў. Мы робім адну справу.

— Але ж адказнасць розная — ёсць агульнанацыянальныя, рэспубліканскія задачы, а ёсць і мясцовыя, рэгіянальныя.

— Адказнасць — яна ва ўсім адказнасць. Без вырашэння гэтых задач як на дзяржаўным, так і мясцовым узроўнях эфектыўнага руху краіны наперад і развіцця рэгіёнаў не будзе. Вось такая непарыўная між імі ўзаемаўвязка.

— На нядаўняй рабочай сустрэчы з вамі Прэзідэнт звярнуў сур'ёзную ўвагу на неабходнасць умацавання работы дэпутатаў у выбарчых акругах. Як Палата прадстаўнікоў мяркуе рэалізоўваць гэта ўказанне?

— Мы не проста мяркуем выконваць, а выконваем рэкамендацыі і задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы. Гэта датычыцца таксама нашай заканатворчай і міжнароднай дзейнасці. Усё гэта пытанні эфектыўнасці парламента, якасці ажыццяўлення дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы, як падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, асабліва важна быць бліжэй да людзей і мясцовых органаў улады. Скажу вам, нішто ў заканадаўчай, як і ўвогуле ў парламенцкай дзейнасці, не можа замяніць асабістага кантакту, шчырай, адкрытай размовы з людзьмі па ўсіх праблемах, якія іх хвалююць. Вытокам многіх заканадаўчых навацый па сацыяльных, гаспадарчых і праваахоўных пытаннях, у тым ліку па вельмі адчувальных, з'яўляецца менавіта дэпутацкая работа ў выбарчых акругах. З рэгіёнаў дэпутаты прывозяць і свае прапановы, якія ўлічваюцца пры карэкціроўцы заканадаўства, у рашэннях урада і іншых дзяржаўных органаў.

— Вялікі грамадскі рэзананс выклікалі дэкрэты кіраўніка дзяржавы аб развіцці прадпрымальніцтва і садзейнічанні занятасці насельніцтва. Што ў гэтым кантэксце асабліва важна для дэпутацкага корпуса парламента?

— Сістэмныя меры па паляпшэнні дзелавога клімату і вырашэнні праблем занятасці маюць вялікае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Парламенту трэба будзе правесці карэкціроўку эканамічнага, грамадзянскага і іншага заканадаўства. Гэта адзін з нашых заканатворчых прыярытэтаў. Што датычыцца выбарчых акруг, то на першым плане для нас канкрэтныя пытанні працаўладкавання непрацуючых грамадзян і інфармацыйна-растлумачальная работа, чым і займаюцца дэпутаты. Важна тлумачыць меры, якія прымае дзяржава па ключавых пазіцыях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і ўмацавання нацыянальнай бяспекі. Гэта вельмі грамадска значная справа. Рабіць яе трэба з глыбокім веданнем, прафесіянальна.

— Наколькі магчыма прыцягнуць да працаўладкавання тых працаздольных грамадзян, якія працаваць не хочуць?

— Праблема сацыяльнага інфантылізму і спажывецтва ўзнікла не сёння і не ўчора. Ёй далі патачку ў савецкі час. Таму няпроста ўзараць гэту няўдобіцу. Навацыі Дэкрэта № 1 з'явіліся праз актыўны дыялог улады з грамадскасцю і адкрываюць перспектыву вырашэння сур'ёзнай грамадскай праблемы. У гэтым наш грамадскі і дзяржаўны інтарэс. І яго трэба актыўна і мэтанакіравана ажыццяўляць. Каму тут быць на правым флангу, як не выканаўчым камітэтам і мясцовым Саветам — самым блізкім да людзей органам дзяржаўнай улады?

Я лічу, што названыя дэкрэты Прэзідэнта адкрываюць новую прастору для прымянення ініцыятывы і актыўнасці дэпутатаў усіх узроўняў. Ад іх настойлівасці ў многім залежыць не толькі вырашэнне сацыяльных, камунальных і бытавых пытанняў, але і вытворчых. Уменне, калі патрэбна, падштурхнуць кіраўнікоў прадпрыемстваў і раённыя ўлады ўшчыльную заняцца павышэннем эфектыўнасці вытворчасці, мадэрнізацыяй, стварэннем новых працоўных месцаў мае немалое значэнне. Гэта датычыцца і вырашэння пытанняў занятасці. Адна сітуацыя, калі чалавек часова не працуе па ўважлівай прычыне, і другая, калі свядома сядзіць на шыі сваіх блізкіх і дзяржавы, вядзе непрыстойны лад жыцця. У кожным выпадку патрэбен індывідуальны падыход — канкрэтны, акуратны і ўзважаны. Мы бачым у рэгіёнах, што такі падыход дазваляе весці вельмі плённую работу па прыцягненні непрацуючых грамадзян да малога прадпрымальніцтва, рамесніцтва, у сферы гандлю, паслуг і да іншых відаў дзейнасці ў залежнасці ад спецыфікі рэгіёна ці тэрыторыі, стымулюе самазанятасць. Невырашальнымі праблемы не здаюцца, калі іх стараюцца вырашаць.

— На вашу думку, ці ёсць у парламентарыя магчымасць максімальна аператыўна рэагаваць на нестандартныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у выбарчай акрузе?

— У гэтым пытанні адчуваецца няўпэўненасць, але я не сумняваюся ў такой магчымасці, калі зваротная сувязь дэпутата з грамадзянамі і мясцовымі органамі ўлады працуе як гадзіннік. Добры гадзіннік ніколі не адстае. Трэба ведаць усе асабліва пульсуючыя праблемныя кропкі ў раёнах сваёй выбарчай акругі, трымаць руку на іх пульсе і вырашаць наспелыя пытанні разам з рэгіянальнымі органамі ўлады і мясцовымі жыхарамі. Вельмі важна бачыць мясцовыя магчымасці і рэсурсы і прыводзіць іх у дзеянне, каб жыццё жыхароў акругі паляпшалася.

— Гэта ключ да рэпутацыі дэпутата?

— Можна сказаць і так. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў імкнуцца пастаянна трымаць у фокусе ўвагі інтарэсы сваіх рэгіёнаў і выбаршчыкаў. Таму ёсць і станоўчы вынік і эканамічнага, і сацыяльнага характару.

— Як вы лічыце, чаго не павінна быць у дэпутацкай рабоце?

— Абстрактнага падыходу да чалавека і адарванасці ад палітычнай рэальнасці.

— Ведаю па водгуках, што жыхары Докшыцкай выбарчай акругі № 22, ад якой вы выбраны дэпутатам парламента, успрымаюць вашы рабочыя прыезды як прыезды свайго чалавека, які вельмі многа зрабіў і робіць для акругі і людзей. Можаце сказаць хоць бы канспектыўна пра асноўнае, што зроблена вамі за мінулы год?

— Займаюся рознымі сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі сумесна з кіраўніцтвам Глыбоцкага, Докшыцкага і Ушацкага раёнаў. Гэта будаўніцтва, мадэрнізацыя, капітальны і бягучы рамонт, прыцягненне інвестыцый у асабліва значныя вытворчыя і сацыяльныя праекты, добраўпарадкаванне тэрыторый і іншае. Вырашаю па меры магчымасці і канкрэтныя просьбы грамадзян, якія прыходзяць на мае дэпутацкія прыёмы, звяртаюцца з вуснымі і пісьмовымі зваротамі. Словам, будзённая дэпутацкая работа, як і ў маіх калег. Мы ўсе настроены на тое, каб наша заканадаўчая дзейнасць і праца ў выбарчых акругах прыносілі карысць простаму чалавеку. На сваім вопыце пераканаўся: калі ставішся да людзей з разуменнем і адкрытым сэрцам, то так яны ставяцца і да дэпутата.

— Уладзімір Паўлавіч, што вы пажадаеце новаму складу мясцовых Саветаў, які будзе выбраны 18 лютага?

— Лёгкасці на пад'ём у вырашэнні задач, якія стаяць перад мясцовымі Саветамі, і актыўнай работы на практычны вынік, каб 2018 год, аб'яўлены Годам малой радзімы, прынёс добры плён рэгіёнам і тэрыторыям. Гэта ў нашых агульных інтарэсах. У інтарэсах краіны.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ

Загаловак у газеце: Чым бліжэй да людзей, тым бліжэй да жыцця

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...