16 Жнівень, чацвер

Вы тут

Прэзідэнт пра тое, што трэба зрабіць для паляпшэння дзяржаўнай бяспекі


Што можа быць больш важным, чым бяспека — у гарадах, у небе над галавой і, урэшце, дома ў кожнага з нас. Мір у краіне — гэта падмурак для таго, каб грамадства магло спакойна, паступова развівацца і надалей, а не штораз падымацца з руін. Беларусь сапраўды можа ганарыцца тым, што мы маем магчымасць без асцярогі хадзіць па вуліцах, што не трапляем у сусветную тэндэнцыю няўстойлівасці і нестабільнасці. Але ці гэта нагода самазаспакойвацца? Падчас пасяджэння Савета Бяспекі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікаў адпаведныя дзяржаўныя органы заставацца пільнымі і няспынна, штодзённа паляпшаць сістэму аховы грамадзян.


На жаль, з кожным годам свет становіцца ўсё больш трывожным, усё часцей мы бачым сутыкненне інтарэсаў дзяржаў, заўважыў Прэзідэнт. Так, ні адзін з існуючых узброеных канфліктаў за мінулы год не быў пагашаны, затое з'явіліся новыя, а палітычная канфрантацыя стала часткай нацыянальных стратэгій, а не выключэннем. Свет на мяжы глабальнага супрацьстаяння, якое падсілкоўваецца спекуляцыямі з ядзернай зброяй, мілітарызацыяй Усходне-Еўрапейскага рэгіёна і нарошчваннем ваеннага патэнцыялу краін — суседак Беларусі.

Асаблівую трывогу выклікае становішча ва Украіне. У Мінску адбылося амаль трыццаць сустрэч Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе нашай суседкі. І якія б меркаванні ні існавалі, але факт застаецца фактам: альтэрнатывы гэтай пляцоўцы для перагавораў на дадзены момант не існуе. У сітуацыі, калі для міжнароднага ціску выкарыстоўваецца не толькі зброя, але і санкцыі, інфармацыйныя аперацыі, эканамічныя рычагі, асабліва важнымі становяцца саюзніцкія адносіны.

Так, у мінулым годзе наша краіна старшынствавала ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Нам удалося прыняць шэраг мер, накіраваных на развіццё ўзброеных сіл краін АДКБ, умацаванне іх ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, узмацненне пазіцый у свеце, — адзначыў Прэзідэнт. — Павінен вам сказаць, нягледзячы на намаганні, якія намі прымаліся, — мы зыходзілі з магчымага, уносілі на разгляд тыя пытанні, якія магчыма прыняць нават у такім невялікім фармаце па колькасці, як АДКБ. Цяжка ўзгадняюцца пытанні, якія нясуць вялікія матэрыяльныя затраты. Я маю на ўвазе ўзбраенне».

«Калі ўвогуле гаварыць, мы вельмі сур'ёзна ў АДКБ недаацэньваем небяспеку той сітуацыі, якая складваецца. Расія сама па сабе мадэрнізуе ўзброеныя сілы. Мы спрабуем разам з іншымі членамі арганізацыі ўзбройвацца, мадэрнізавацца і гэтак далей. Кожны сам па сабе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Асноўны цяжар па абароне агульнай прасторы ў выпадку неабходнасці, зразумела, ляжа на Расію. «Але сур'ёзнага разумення ў кіраўніцтва Расіі сёння аб тым, што трэба на найбольш небяспечных напрамках нашай агульнай сумеснай абароны ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы — Беларусі, Казахстана, Арменіі, іншых краін, — такога разумення няма. І гэта вельмі балюча можа адгукнуцца», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Таму ў гэтых адносінах нам вельмі сур'ёзна, прынамсі, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, трэба падумаць і прымаць рашэнне. Нам трэба самым сур'ёзным чынам не проста мадэрнізаваць нашы ўзброеныя сілы, а трэба ўдасканальваць і больш актыўна прыстасоўваць да магчымых баявых дзеянняў. Магчымых. Зыходзячы з вопыту вядзення войнаў і канфліктаў у сучасны час», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым асаблівае значэнне мае стратэгічнае партнёрства з Расіяй. «Нягледзячы на розныя домыслы, інфармацыйную шуміху, роўна і спакойна праведзена сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017». Цяпер сумесна выпрацоўваюцца меры па зняцці перашкод у пагранічнай і мытнай сферы, у галіне візавай палітыкі і іншыя», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўным пытаннем пасяджэння мусіць стаць ваенная бяспека дзяржавы, і таму выразна паставіў задачы перад Міністэрствам абароны. А гэта — набыццё самага неабходнага, размеркаванне сродкаў з максімальнай эфектыўнасцю і недапушчэнне «размазвання» грошай. «Папярэджваю міністра абароны, і на гэта мною будзе звернута асаблівая ўвага: усё, што ёсць у арміі, — а ў арміі ёсць нямала, — пачынаючы ад стралковай зброі, бранятэхнікі і заканчваючы лятальнымі апаратамі і ракетамі, — павінна быць у ідэальным стане. Скаргі на тое, што недзе шасцярэнькі ў танку або ў БМП, БТР не хапае або недзе ствол падрапаны, не прымаюцца. Вы павінны быць сапраўднымі гаспадарамі і берагчы маёмасць: гэта сёння нятанна каштуе, а яна нам вельмі патрэбна», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне прыняты даволі строгія, але своечасовыя меры па развіцці беларускага ваенна-прамысловага комплексу. «Да гэтага часу ў Беларусі ўдалося стварыць, можна так сказаць, крэатыўны кластар у асобе генеральных канструктараў і спецыялістаў ваенных вытворчасцяў», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асабісты склад арміі. Прэзідэнт падкрэсліў, што выпадкі нестатутных узаемаадносін і іншыя парушэнні — гэта тыя з'явы, пра якія ў беларускай арміі, здавалася б, павінны даўно забыць. «Чым займаецца ідэалагічная і выхаваўчая вертыкаль у ваенным ведамстве? Як відаць, адпаведныя кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно ўстарэлымі формамі работы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Другое важнае пытанне ў парадку дня пасяджэння — забеспячэнне правапарадку і абароны грамадзян. Гэта ўсё тое, у імя чаго мы жывём і ў імя чаго існуе ўся наша ўлада, — адзначыў Прэзідэнт. — У краіне ўдаецца многае зрабіць для бяспекі людзей. Абароне грамадства і кожнага чалавека ў Беларусі заўсёды надаецца першараднае значэнне. Мы па праве ганарымся, што Беларусь у нас адносна спакойная і бяспечная краіна».

«Сёння выразна прасочваюцца тэндэнцыі зніжэння злачыннасці. За апошнія дзесяць з невялікім гадоў удвая знізіўся ўзровень крыміналізацыі грамадства. Зменшылася колькасць пацярпелых з-за злачынных замахаў, а таксама колькасць дарожна-транспартных здарэнняў. У тры разы менш садзіцца за руль нецвярозых кіроўцаў, скарачаецца колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што няўхільна павышаецца раскрывальнасць злачынстваў. Усё радзей у аператыўных зводках фігуруюць падлеткі. Палепшылася абстаноўка на вуліцах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Даволі эфектыўна працуе сістэма па выяўленні і спыненні карупцыі.  Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, супакойвацца ні ў якім разе нельга, абстаноўка яшчэ вельмі далёкая ад спрыяльнай.

«Беларусь цяпер не ўзрушваюць буйныя аварыі, і даволі хутка пераадольваюцца наступствы непагадзі», — заўважыў ён. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: на пажарах гіне практычна ў тры разы менш людзей, чым дзесяць гадоў таму, дзяцей — менш у 15 разоў. Больш як удвая скарацілася колькасць загінулых на вытворчасці, а тых, хто знаходзіўся пры гэтым у нецвярозым стане, — у чатыры разы.

«Аднак і пяцьсот чалавек у год, якія загінулі на пажарах, — гэта недапушчальная для нас лічба. На дарогах тысяча чалавек загінула і на пажарах пяцьсот — усяго тысяча пяцьсот», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнае, да чаго заклікаў кіраўнік дзяржавы не толькі органы бяспекі, але і кожнае ведамства і ўвогуле кожнага грамадзяніна, — не самазаспакойвацца, што ўсё добра, і не чакаць указанняў зверху, каб змяніць сітуацыю ў сваёй сферы да лепшага, а рабіць гэта самастойна і штодзённа.

Вераніка ПУСТАВІТ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.

Грамадства

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько.

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі.