Вы тут

Пра гендар


Тлумачэнне гэтага слова інтуітыўна ведае амаль кожны. Менавіта інтуітыўна, а вось даць сходу дакладную фармулёўку паняцця неспецыялісту ў гэтай сферы будзе не вельмі проста. («Настаўнік пытаецца ў вучаніцы дзявятага класа: «— Маша, назаві будучы час дзеяслова «кахаць». — Выйсці замуж».) Хіба што са шпаргалкай, падгледжанай у інтэрнэце. Дык вось, з яе, у перакладзе на простую мову. Гендар — гэта сукупнасць сацыяльных і культурных нормаў, якія грамадства прадпісвае выконваць людзям у залежнасці ад іх біялагічнага полу. І мужчыны, і жанчыны павінны выконваць свае гендарныя ролі, якія гэта грамадства ім прыпісала. («Папілі дзве бландзінкі гарбаты. У чайніку застаўся кіпень. Адна пытаецца ў другой: «Шкада ж выліваць, можа, яшчэ спатрэбіцца. Што будзем рабіць?» Другая прапануе: «А давай у халадзільнік паставім?!») Натуральна, у розных грамадствах і ролі будуць розныя. Такім чынам, як падказвае ўсё той жа інтэрнэт, гендар — гэта сацыяльная мадэль чалавека, якая вызначае яго становішча ў грамадстве. («— Люся, ты з мухі робіш слана! — Ды я ўвогуле чараўніца!»)


Адна чытачка вось такім чынам выказала сваё стаўленне да гэтай рубрыкі: дзякуй за гумар, цікавыя гісторыйкі, але ж — гендар... А што гендар? Я хлопчык, і як бы ні імкнуўся весці сам з сабой нябачную спрэчку нібыта яшчэ і ад імя жанчыны таксама, ні спрабаваў падстроіцца пад стыль унісекс, мая лішняя храмасома ўсё роўна дасць аб сабе знаць. («Насамрэч мужчынам неабходныя толькі дзве рэчы: жанчыны і адпачынак ад жанчын».) Пісала б чытачка нататкі, было б тое ж самае, толькі на жаночы капыл. Але чаму я завёў размову на тэму таго самага гендара? Мне падаецца, што як простаму чалавеку цяжка адразу даць тлумачэнне гэтага паняцця, так жа яму часам складана ў нашым сучасным жыцці зразумець, хто ж і якія ролі выконвае насамрэч. (Памятаеце, што гаварыў у спрэчцы «Георгій Іванавіч, ён жа Гога, ён жа Гоша, ён жа Юрый, ён жа Жора» з фільма «Масква слязам не верыць»? «— Яна гэтым самым выявіла, што для яе сацыяльны статус чалавека вышэйшы, чым яго... мой асабісты статус! — Перакладзі, — прасіў сабутэльнік Коля») Вось і мне часам патрэбны такі пераклад...

Не, я, канешне, яшчэ магу зразумець нядаўнюю гісторыю з канадскім гімнам, які нарэшце стаў «гендарна нейтральным». Там прынялі закон, што радок з яго «Патрыятызм — доля тваіх сыноў» трэба замяніць на «Патрыятызм — доля для ўсіх». Ну, сапраўды, а жанчына, што, не чалавек, не можа быць патрыётам?

Папраўку ў гімн спрабавалі ўнесці больш за 30 гадоў, але толькі зараз здолелі дамагчыся таго. Тут пытанні хіба ўжо да тых «сыноў», якія столькі часу былі супраць папраўкі наконт «дачок» краіны. («Вельмі люблю мужчын, якія ўмеюць правільна і прыгожа гаварыць. Ведаю, што маняць... Але слухаць прыемна».)

Памятаеце навіну пра тое, што ў брытанскіх школах хлопчыкам дазволілі насіць... спадніцы. Ці сарафаны... Паведамлялася, што ў 80 такіх навучальных установах краіны (з іх у 40 пачатковых школах) ужо нельга будзе па адзенні вызначыць пол дзіцяці. Новаўвядзенне было прызвана ў раннім узросце выявіць тых з іх, хто не ўпэўнены ў сваёй гендарнай прыналежнасці. Праграму абяцалі прафінансаваць улады, але, што цікава, планавалася не апавяшчаць аб ёй у шырокіх колах. Чаму? Магчыма, таму, што адразу знайшліся праціўнікі такой ініцыятывы? У якой сферы хлопец у сарафане можа выявіць сваю індывідуальнасць? («Пяцікласнік Коля Сідараў знайшоў на карце Гандурас і сваю мянушку да заканчэння школы».) Пра мужнасць увогуле прамаўчу.

А вось больш свежая «цікавостка». Гімназія ў Манчэстэры — адна з найлепшых дзяржаўных школ Вялікабрытаніі — забараніла дзяўчатак называць... дзяўчаткамі. Супрацоўнікі павінны былі перайсці на «гендарна-нейтральную мову» з дзецьмі, вучаніцы для іх павінны былі стаць «вучнямі».

Усё з-за таго, што некаторыя з апошніх ставяць пад сумнеў сваю гендарную ідэнтычнасць ці не ідэнтыфікуюць сябе як дзяўчаткі. («Калі твая чашка толькі напалову поўная... магчыма, табе патрэбны станік меншага памеру».) А яшчэ — каб не крыўдзіць транссексуалаў...

На гэтым фоне сапраўдным жаночым (ці нават мужчынскім, даруйце за парадокс) можна назваць учынак каля ста францужанак на чале з Катрын Дэнёў, якія выступілі ў абарону дужага полу. Памятаеце гэты скандал у Галівудзе пра дамаганні, які ўжо ўсім надакучыў? («Спачатку жанчыны сцвярджаюць, што ў мужчыны мазгі паміж нагамі. А потым патрабуюць: «Паварушы мазгамі!» Непераможная жаночая логіка».) У пісьме яны абараняюць «жыццёва важнае для сексуальнай свабоды» права мужчын заляцацца да жанчын. Вось што значыць — олдскул! Не тое, што цяперашнія...

Але самая цікавая, на мой погляд, гісторыя пра гендар здарылася нядаўна не з людзьмі, а з... жывёламі. (Памятаеце, як спяваў Высоцкі: «У жоўтай спякотнай Афрыцы, у цэнтральнай яе частцы, неяк раптам, па-за графікам, здарылася няшчасце... карацей так: адзін жыраф закахаўся ў антылопу».) У Польшчы ад фермера ўцякла карова Рыжуха, якая прыбілася да статку зуброў у Белавежскай пушчы. Рагулю хацелі здаць на мяса. («Калі ўся мая радня будзе ёй не рада, не наракайце на мяне — я сыду са статка!») Дык вось, зубры прынялі бяглянку, якая жыве з імі не адзін месяц, і нават ахоўваюць яе, не даючы фермеру забраць іх новую сяброўку. Ну што тут скажаш пра лясных волатаў? У іх з гендарам усё ў парадку...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі?

Як папярэдзіць няшчасныя выпадкі з дзецьмі?

Кожны тыдзень у хірургічнае аддзяленне трапляе чатыры—пяць пацыентаў, якія праглынулі іншароднае цела.

Грамадства

У Футбольным манежы завяршыўся конкурс WorldSkіlls Belarus 2018

У Футбольным манежы завяршыўся конкурс WorldSkіlls Belarus 2018

Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла ў спартыўным комплексе «Веладром».

Эканоміка

Што атрымае сельская гаспадарка ад вырошчвання соі?

Што атрымае сельская гаспадарка ад вырошчвання соі?

Гэту тэму падказаў наш чытач: у сваім лісце ён абураўся, чаму на Беларусі не вырошчваецца соя.

Эканоміка

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Новабудоўлі: бюджэтных прапаноў амаль не засталося

Але на другасным рынку «хапун» на нерухомасць хутка скончыцца, лічаць эксперты.