Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дзеля кучы жалеза

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў! Яна, маўляў, і ў палаючую хату ўвойдзе, і каня на скаку спыніць...

Нашы сучасніцы-беларускі таксама варты паэм — і не менш узнёслых! Узяць вось хоць бы Анжэлу: ніколі не думала, што на такое здатная! Аднак... Супраць факта не папрэш: здавалася б, адна недарэчнасць, а перавярнула ці не ўсё жыццё.

...Мужа яна знайшла сабе ў інстытуце, у час вучобы. У хуткім часе распісаліся, у сям'і з'явіўся сынок.

Жылі як усе: працавалі, гадавалі малога, пакрысе абжываліся. Паступова ў мужа з'явілася свая фірма, і ён, што называецца, «раскруціўся» — стаў зарабляць неблагія грошы. Адпаведна, жонцы не мела больш сэнсу — як ён казаў — працаваць на чужога дзядзьку, а тым больш за капейкі... Ды і час яе стаў патрэбен на іншае. Рэч у тым, што для сям'і паспяховага бізнесмена стала цеснай гарадская кватэра. Ды і суседзі, шчыра кажучы, ужо былі «не тыя», не крутыя, не роўня ім.

У пошуках роўні вырашылі пабудаваць дом у прыгарадзе, у адным з так званых царскіх сёл. І не абы-які, а нічым не горшы, чым у новых суседзяў-начальнікаў.

Вось дзеля гэтага Анжэле і прыйшлося «памяняць спецыяльнасць»: засесці за праекты-чарцяжы, паралельна — выбіраць участак, потым — адпаведныя матэрыялы ды іх пастаўшчыкоў, арганізоўваць куплю і дастаўку, наймаць рабочых, сачыць за якасцю, аплачваць рахункі... Бо справа пайшла, прычым усе, з кім даводзілася кантактаваць, хутка зразумелі, што Анджэла — чалавек грунтоўны і «падкаваны» на ўсе сто, што яна можа арганізаваць і забяспечыць любыя работы...

Мужа яны, можна сказаць, не цікавілі, ён умацоўваў свой імідж па-іншаму: час ад часу мяняў машыны — добрыя на лепшыя. А нарэшце «Лексус» займеў — дарагая такая цацка!.. На ёй і жонка ў горад аднойчы з'ездзіла — справы былі ды і сяброўка хацела зірнуць на новую «тачку».

Дамоў, на аб'ект, тады з мокрай спінай вярталася — па-першае, з непрывычкі, а па-другое, баялася, каб хто не зачапіў хаця, каб не стукнуў...

Дзякаваць богу, даехала, цэлая... Захацела адкрыць падземны гараж, выйшла з машыны, а тая вазьмі ды... пакаціся...

Анжэла стрымгалоў наперад: лягла перад ёй на спіну, ботамі ўперлася ў бампер — трымае!

— Кінь!.. Дурная! — крычыць адзін з рабочых. — Задавіць жа!..

Другі тым часам куляй уляцеў у салон: у апошняе імгненне, здаецца, паставіў машыну на ручны тормаз.

...Потым тыя ж рабацягі паднялі Анжэлу з зямлі, ледзь жывую адпаілі валяр'янкай.

Калі адышла, яна ўжо сама патэлефанавала мужу — расказала, што давялося перажыць.

Думала, ён пашкадуе — будзе пытацца, ці не спужалася, ці не баліць што. Альбо нават насварыцца, бо дурніца ж! Так рызыкаваць — здароўем, нават жыццём... Дзеля чаго? Дзеля кучы жалеза?..

Аднак мужа зацікавіла іншае. Першае, што спытаў:

— Рашотку нагамі не пагнула? Фары не пабіла? Я ўсё праверу! Праўду кажы!

Анжэла маўчала: ёй патрэбен быў час, каб убачыць, што дом яна збудавала, а вось ці будзе з кім жыць? Пытанне.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Не такі страшны чорт...

— Алё, матуля? Павіншуй мяне, — крычаў Андрэй у тэлефонную трубку, —
я дыплом атрымаў!

— Дзякуй богу, сынок! Віншую, — сказала маці, змахнуўшы гарачую слязу.

— Сёння дамоў прыеду, — бадзёра працягваў хлопец, а потым крыху цішэй дадаў, — і нават не адзін...

Што значыць «не адзін», маці тлумачыць не трэ было: кінулася падбіраць нешта ў хаце, думаць, што паставіць на стол, бо з Мінска да іх дарога недалёкая.

І вось госці ўжо на падворку, на парозе.

Першым яго пераступіў Андрэй, следам нясмела зайшла Насця. Матуля абодвух абняла, прывеціла, запрасіла ў залу, дзе на бялюткім абрусе ўжо стаялі талеркі з пачастункамі.

— Мыйце рукі і за стол, — загадала яна ды раптам спахапілася, — ой, сынок, а ў нас жа хлеба — толькі акрайчык. Збегай у краму, га?

Андрэй — ад слова: тут жа знік за дзвярыма.

— А ты, Настачка, — распараджалася далей маці, — вазьмі вось халацік злажы.

Гэта, здавалася б, прасцей простага, але госця не на жарт разгубілася. Яна бачыла, што халат толькі што дасталі з шафы, што ён ляжаў там — зложаны. «Значыць, тут нейкая «засада», — падумала дзяўчына, — нейкае выпрабаванне. І па тым, як я спраўлюся, як злажу гэту адзежыну, стане відно, буду я гаспадыняй ці не, прымуць мяне ў сям'ю альбо...

Яна вельмі любіла Андрэя і хацела замуж, а таму ну вельмі старалася!

Тым часам у залу зноў зайшла гаспадыня.

— А чаму ж ты халат не злажыла? — спытала яна ў госці. — Не саромейся, злажы.

Насця нічога не разумела. «Як гэта я «не злажыла»?! — думала яна. — Ляжыць жа... На канапе... Зложаны... Значыць, неяк не так? А як трэба?.. І ў Андрэя не папытаешся — ён мабільнік дома пакінуў».

Дзяўчына зноў узяла халат, страсянула, разгладзіла рукамі, яшчэ раз акуратненька, роўненька, па швах, рукаўцо да рукаўца злажыла... Нават пасачак — у некалькі столак... «Ну цяпер жа ўсё як трэба!» — вырашыла яна.

Але ж не! Гаспадыня, яшчэ раз завітаўшы ў пакой, ва ўсе вочы глядзела на кандыдатку ў нявесткі: халат па-ранейшаму быў не зложаны. Але чаму? Новенькі... Чысценькі... Мусіць, не спадабаўся? Грэбуе, значыць, нявестка, носам нечага круціць, гонар паказвае...

На шчасце, услед за маці ў пакой забег і Андрэй. Яму ўсяго некалькіх фраз хапіла, каб зразумець, што тут адбываецца, і растлумачыць сваім любімым, што ніякіх «засад» ды выпрабаванняў тут няма (як і залішняга гонару): маці прапанавала госці проста пераадзецца — дома, у дамашняе... І не больш за тое.

Ну і смеху ж было, калі гэта высветлілася, калі дзяўчына з беларускага Паазер'я даведалася, што на Нясвіжчыне слова «злажы» з'яўляецца сінонімам да слова «надзень».

...З таго дня ўжо прайшлі гады. У Андрэя і Насці падрастаюць двое сыночкаў: Косцік і Росцік. Маладая сям'я часцяком наведваецца да матулі, да бабулі ў вёску. І тады, прыехаўшы ды «складаючы» халат ці нешта іншае, нявестка заўсёды ўспамінае, колькі страху перажыла, калі рабіла гэта першы раз.

Таццяна Халопіца, в. Затур'я, Нясвіжскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар


АД ЯЕ Ж. Працягваем прадстаўляць пераможцаў леташняга конкурсу на найлепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю».

«Марыла быць мастачкай альбо геолагам, — стала бухгалтарам — прызнаецца старшыня вялікага чытацкага журы спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне.Па жыцці ўвесь час з фотаапаратам: фатаграфія больш, чым захапленне!

З любімых пісьменнікаў — Леў Талстой, з любімых мастакоў — Іван Шышкін, з музычных інструментаў — скрыпка і гармонік (гітара — калі са скрыпкай).

З песеннага мастацтва найвышэй і на ўсё жыццё — хор Пятніцкага, а наогул — дыяпазон ад Моцарта да «Муркі». Не люблю цяжкі рок і тое, што сапраўды «па псу».

Кіну любую справу дзеля гумарыстычнага канцэрта. Куміры — Міхаіл Задорнаў і Фаіна Ранеўская.

Да розных нечаканых сітуацый стаўлюся з гумарам. Люблю пасмяяцца. Хоць пры тым асоба кансерватыўная, нават нудная. Але самакрытычная і самаіранічная.

З навук — гісторыя, філасофія і псіхалогія. Не прызнаю гвалту ні ў якіх праявах. Не люблю палітыку і ідэалогію — як свайго роду праявы ціску.

Дамаседка. Цяжкая на пад'ём, хоць раней і хацела, і любіла вандраваць. Не лідар. Не люблю публічных мерапрыемстваў і быць навідавоку. Але ў «Звяздзе» адчуваю сябе добра, тут я смелая (бо ніхто не бачыць!).

Займаюся краязнаўствам, тапанімікай, мовай, культурай, вераваннямі славян дахрысціянскага перыяду.

«Звязду» пачала выпісваць у 1989 годзе, што называецца «з прынцыпу» — каб хоць так заступіцца за родную мову. Цяпер, — прызнаецца спадарыня Соф'я, — без газеты не ўяўляю жыцця. Мне яна — як хор Пятніцкага. Параўнала, дарэчы, і тут жа склаўся тэкст — на матыў любімай песні «Степь да степь кругом»:

Ранкам будных дзён

Справу я знайду:

Снеданне зрабіць,

Прачытаць «Звязду».

Святы — не люблю:

Мне тады не рай:

Як няма «Звязды» —

Хоць ты памірай.

І гэта — не перабольшанне, бо святы я сапраўды не люблю, — паведамляе пра сябе Соф'я Парфір'еўна. — Яшчэ і таму, што не прыходзіць газета.

Першую «казку» на «Провад», — працягвае яна, — адправіла ў 2002 годзе. А ўсяго напісала іх сотні са дзве (шкада, што не ўсе друкуюцца). Але ўсе яны — пра жыццё пэўнай людской супольнасці».

Вось такія яны, нашы аўтары, нашы пераможцы.

Пра спадарыню Валянціну Паліканіну чытайце ў наступным выпуску рубрыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.