22 Чэрвень, пятніца

Вы тут

Пра Уладзіміра Мулявіна знялі тэлевізійны фільм


У кантрасным зацішшы пасля юбілейнага 2016 года, калі 75-годдзе знакамітага песняра адзначалі і ў тэатрах, і на канцэртных пляцоўках, і ў музеях, фільм «Пясняр. Сэрцам і думамі» Уладзіміра Арлова прыходзіцца дарэчы. Пачынаецца ён з «Малітвы» і заканчваецца «Родным кутом». Зняты cтудыяй гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» па заказе Міністэрства культуры.


Карціна сабрала ў сабе ўрыўкі з інтэрв'ю, эпізоды з сямейнага архіва, архіўныя відэа канцэртаў і выступленняў, а таксама, што не менш каштоўна, расказы дачкі Марыны Мулявінай, паплечнікаў і тых, хто працаваў з музыкантам. З песняроўскай каманды тут можна пачуць Алега Аверына, Анатоля Кашапарава, Алега Моўчана, Уладзіслава Місевіча, Аляксандра Кацікава і іншых. Фігуруюць у фільме рэжысёр Барыс Луцэнка, пісьменнік Валянцін Тарас, мастак Георгій Паплаўскі. Праз іх вочы дакументальны фільм без асаблівай засяроджанасці на нечым канкрэтным паказвае розныя бакі асобы Уладзіміра Мулявіна і розныя моманты з гісторыі «Песняроў».

Хоць і пачынаецца ўсё з крызісу 1990-х, калі калектыў не мог вярнуць былой папулярнасці, а паміж Мулявіным і іншымі музыкантамі бэнда ўсталявалася непаразуменне. У 2001 годзе ў Маскве адбыўся юбілейны канцэрт «Песняроў», і аўтары фільма задаюцца пытаннем, чаму на ім амаль не прысутнічалі былыя паплечнікі і аднадумцы галоўнага героя. У пэўным сэнсе гэты крызіс і стасункаў, і самога калектыву стаў драматычным лейтматывам дакументальнага фільма, хоць у цэлым ён лёгка пераскоквае і на запоўнены Алімпійскі, і на пачуццё гумару Мулявіна з прыкладамі жартаў.

Таму ў цэлым «Пясняр. Сэрцам і думамі» стане правадніком па пэўных старонках гэтай гісторыі і раскажа, напрыклад, як у 1970-м «Песняры» сталі лаўрэатамі чацвёртага ўсесаюзнага конкурса артыстаў эстрады ў Маскве, альбо як выступілі перад прафесійнай публікай у Канах і сарвалі яе апладысменты, альбо аб сутыкненні з цэнзурай, калі Уладзімір Мулявін адстаяў вершы з песеннага спектакля «Праз усю вайну».

Дачка і ўнук Уладзіміра Мулявіна.

Пра спектакль, дарэчы, разам з пісьменнікам Валянцінам Тарасам расказваецца асобна як пра кампраміс паміж вялікімі формамі і песнямі, якіх чакала публіка, і як пра трыумф. Частка хранаметражу адведзена гучанню «Песняроў» у кіно, напрыклад у музычным фільме «А таксама цырк». Калі яго здымалі ў рэальным цырку на рэальным прадстаўленні, гледачы нават не чакалі, што ў канцы відовішча на арэну разам з цыркачамі выйдуць «Песняры» і заспяваюць. Мюзікл «Ясь і Яніна», мастацкі фільм «Міравы хлопец», мульцік «Квака-задавака»...

Рэжысёр Уладзімір Арлоў падыходзіць да асобы знакамітага песняра без сантыментаў, од і ўсхваленняў (з вуснаў Мулявіна тут можна пачуць нават крыўдныя рэчы), але з належным піетэтам. Карціна змяшчае ў сабе цікавыя знаходкі, такія як інтэрв'ю музыканта, і вуснамі Уладзіміра Мулявіна кажа, што «Песняры» вельмі абавязваюць, гэта вялікае слова, не проста назва альбо гандлёвая марка, а вобраз мыслення, вобраз жыцця, ой, гэта вельмі шмат».

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Крызіс і пачуццё гумару

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.

Грамадства

Астравец: як будуецца горад энергетыкаў

Астравец: як будуецца горад энергетыкаў

Пуск першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца на канец 2019 года.

Грамадства

Што могуць рэгіёны?

Што могуць рэгіёны?

Савет Рэспублікі працягвае выязныя пасяджэнні ў абласцях. Парламентарыі наведалі Гродзеншчыну.

Грамадства

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Медыяпраект «Мая малая Радзіма, або Чаму я стаў педагогам?» запусцілі ў БДПУ.