18 Верасень, аўторак

Вы тут

Уладзімір Пракапцоў: Мая кватэра — філіял Нацыянальнага мастацкага музея


Бакалам шампанскага, кубкам гарачага шакаладу і аўтарскай выстаўкай сваё 65-годдзе сустрэў Уладзімір Пракапцоў. Мастак, мастацтвазнавец, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, які пашырае межы сваёй установы, трымаецца высокага густу ў яе выставачнай дзейнасці і робіць музей папулярным сярод наведвальнікаў. Юбілей аднаго з самых знакавых беларускіх музейшчыкаў адзначаўся 8 жніўня. У гэты ж дзень у мастацкім была адкрыта аўтарская выстаўка «Мая Беларусь», на якой можна ўбачыць работы, якія дагэтуль не выстаўляліся. Напярэдадні мы прыйшлі ў вотчыну Уладзіміра Пракапцова, заспелі яго ў перад'юбілейнай мітусні і задалі некалькі пытанняў.


— У нашым мастацкім асяроддзі людзі, звязаныя з Віцебскам, заўсёды неяк вылучаюцца. Вы вучыліся ў гэтым горадзе, ці паўплываў ён на вас?

— Так, безумоўна, сваёй мастацкай атмасферай. Віцебскія вуліцы, можа быць, не такія шырокія як праспекты Мінска, але там заўсёды адчувалася асаблівая аўра, звязаная з 1920-мі гадамі, Шагалам, Малевічам. На нашым факультэце кожны хацеў стаць знакамітым, як Марк Шагал. Дарэчы, я падаваў дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску, у тыя гады конкурс на ўсе яго спецыяльнасці быў па дзесяць і больш чалавек. Але паколькі ў мяне ў вёсцы не было дзе ўдасканальвацца, а ў мінчукоў былі нават свае студыі, мне сказалі, што спачатку трэба прайсці падрыхтоўчыя курсы. Я не шкадую, што не трапіў у Мінск, бо ў Віцебску, на мастацка-графічным факультэце, нас рыхтавалі ў больш шырокім кірунку. На жывапіс, можа быць, дастаткова часу і не было, хоць мы самі заставаліся пісаць вечарамі, але мы атрымалі больш прафесійных навыкаў. Я і зараз сам танірую рамы і ведаю, якая падыдзе больш. Тут была падрыхтоўка да жыцця, багата самых розных дысцыплін, мы атрымалі каштоўную загартоўку — жылі бедна, але ўсё маглі рабіць сваімі рукамі. Мне нават падаецца, што нашы выпускнікі ў мастацкім плане больш актыўныя, бо горад з вялікімі традыцыямі і нашы настаўнікі навучылі нас быць рознабаковымі.

— Калі вы займаеце пасаду дырэктара Нацыянальнага музея, ваш бэкграўнд, густ і погляд на мастацтва непазбежна адбіваюцца на прыярытэтах установы ў цэлым...

— Мне лёгка працаваць, таму што я маю тры іпастасі. Дзякуючы мастацкай адукацыі магу на роўных размаўляць з любым мастаком. Да таго ж я скончыў Інстытут мастацтвазнаўства ў Акадэміі навук і абараніў дысертацыю ў Маскве — у выніку і практычна, і тэарэтычна падкаваны. Я атрымаў добрую школу як адміністратар — у ЦК камсамола быў загадчыкам аддзела культуры, шэсць з паловай гадоў працаваў у апараце Савета Міністраў, дзе навучыўся не проста рыхтаваць урадавыя дакументы, але глядзець на ўсё глабальна.

Калі міністр культуры Аляксандр Сасноўскі прапаноўваў мне стаць дырэктарам музея — мне тады было 44 гады — я тры разы адмаўляўся. Баяўся, што не спраўлюся, бо дагэтуль ніколі не працаваў у музеі, нават у раённым. А потым усё ж пайшоў, калі ў музеі з'явіліся самавылучэнцы і мне пазванілі самі супрацоўнікі. У выніку я магу з кожным мастаком падтрымаць размову і валодаю адміністрацыйным рэсурсам. Не кожны сябра Саюза мастакоў можа ў нас выставіцца, тут не праходзіць папса і некаторыя нават «каранаваныя» персоны. Двойчы на прапанову зрабіць выстаўку Нікаса Сафронава, я сказаў «не, яе не будзе». У аўтараў самы розны ўзровень, і я магу яго даказаць. Як член калегіі я зняў з парадку дня двух кандыдатаў на званне народнага мастака: у сваім катэгарычным выступленні аргументаваў, чаму іх узровень не адпавядае патрэбнаму. Таму тут мне лёгка працаваць, але я не мог бы стаць рэктарам Акадэміі музыкі, таму што не ведаю нотнай граматы. Мяне ўвогуле здзіўляе, як некаторыя людзі бяруцца кіраваць чым заўгодна.

— Раскажыце, на што музей арыентуецца ў папаўненні фондаў і яго выставачнай дзейнасці?

— Ён заняў сваю нішу. Мы не ўсёедныя, не кідаемся на папсу і, скажам, актуальнае мастацтва, бо для іх ёсць адпаведныя прасторы. Пры гэтым мы займаемся не толькі акадэмічнымі рэалістычнымі творамі: у якасці эксперымента арганізуем «фармальныя» выстаўкі, але з высокім густам і вялікіх мастакоў. Наш музей дакладна прытрымліваецца свайго кірунку, я праводжу гэтую палітыку. Некаторыя аўтары ніколі не змогуць у нас выставіцца. Сюды павінны трапляць самыя-самыя. Хутка, напрыклад, будзе выстаўка да стагоддзя Ізраіля Басава, не акадэміста, не рэаліста, але вялікага мастака. З новага года мы памяняем прынцыпы выставачнай дзейнасці — будзе мінімум персанальных экспазіцый, калі толькі знакавых, правераных часам аўтараў, як Ізраіль Басаў ці Віталь Цвірка, а ўсё астатняе будзе падпарадкоўвацца пэўным тэмам. Унікальным стане прысвячэнне хлебу, прычым не проста пейзажамі, дзе расце жыта, але і работамі, што адсылаюць да хлеба ў больш шырокім, філасофскім сэнсе. Зараз з вялікім поспехам праходзіць выстаўка беларускіх і польскіх мастакоў на вельмі прыгожую тэму каня. Мы маглі б зрабіць экспазіцыю цалкам з нашых фондаў (многія работы ніколі не выстаўляліся), але вырашылі сыграць на кантрасце з польскімі мастакамі. У некаторых жа псіхалогія не прадугледжвае шанаванне свайго, а калі нехта з-за рэчкі прыехаў — тады так. Вось мы і паказваем выдатныя работы і польскіх аўтараў, і нашых.

— Як з такой арыентацыяй на, скажам, акадэмізм зрабіць музей больш папулярным?

— Дакладна не апускацца да папсы, але ўсё рабіць крэатыўна. Мы ўжо не працуем як раней — павесілі карціны, селі і чакаем, хто прыйдзе. Сёння мы задзейнічаем рэкламу, арганізуем цікавыя мерапрыемствы, як, напрыклад, «Вераснёвая ноч» з выстаўкамі і прэзентацыяй шакаладу, што будзе прысвечана Дню горада. Народ зноў пацягнуўся на лекцыі: апошнія два тыдні шмат людзей прыходзіла паслухаць пра Айвазоўскага. У пашане праграма для сем'яў (збіраецца сямейны, так сказаць, клан, у якім тры-чатыры пакаленні), каля сямнаццаці педагагічных праграм. Мы не сядзім на месцы і маем што прапанаваць для кожнай катэгорыі — для дашкольнікаў, школьнікаў, студэнтаў, дарослых, пажылых людзей. Сёння на парадку дня стварэнне безбар'ернага асяроддзя, каб да нас маглі прыйсці глуханямыя і людзі са слабым зрокам, рыхтуецца абсталяванне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў перамяшчэнні. У выніку як бы ні развіваліся тэхналогіі, музей усё яшчэ запатрабаваны. Нехта ж казаў, што тэлебачанне знішчыць тэатр, усе будуць смажыць бульбу з салам і сядзець на канапе перад тэлевізарам. Але тэатр оперы і балета, Купалаўскі і іншыя тэатры перапоўненыя. У нармальных сем'ях бацькі хочуць, каб іх спадчыннікі развіваліся гарманічна, хадзілі ў тэатры і музеі. Для гэтага мы павінны прапаноўваць адпаведныя паслугі. Мы нават арганізуем фотасесіі для маладажонаў. Калі яны хочуць зрабіць фотаздымак на фоне карцін — чаму не, гэта ж прыгожа. Галоўнае, каб культурныя інстытуцыі не пляліся за натоўпам, хай гэта гучыць і груба. Трэба натоўп перацягваць на свой бок, а для гэтага — ісці наперадзе. Для чаго ў 1957 годзе, калі людзі яшчэ жылі, умоўна, у бараках, адбудоўваўся музей? Для чаго мы за вялікія грошы набываем карціны? У музея вельмі адказная місія — ідэалагічная.

— Што адбываецца паміж абывацелем і мастацкай сферай? У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што «наш народ пакуль не падрыхтаваны да таго, каб хадзіць у музеі, як у Еўропе».

«Су­стрэ­ча»

— Ну як не падрыхтаваны — падрыхтаваны, але ўсё залежыць ад сямейнага дабрабыту. Мы ў цэнтры Еўропы, але ў нас няма сталай традыцыі хадзіць на выстаўкі. Як і няма, напрыклад, традыцыі па вечарах сустракацца са знаёмымі за кубкам кавы, хоць моладзь яе пераймае. У Еўропе гэта стагоддзямі развівалася, а мы прывыклі замест віна ў кавярні смажыць дома бульбу. Гэта можа быць звязана з бюджэтам альбо з тым, што ў вольны час людзі вырашаюць свае праблемы. Тым не менш — дарэчы, зараз наш музей працуе без выхадных — паглядзіце, колькі ў нас людзей у суботу і нядзелю. Можа быць, усё развіваецца не так хутка, як хацелася б, але механізм запушчаны.

— Задам «юбілейнае» пытанне. Бачна, што мастацтва вас захапляе. Ці не шкадуеце вы, што не прысвяцілі сваё жыццё жывапісу — працы ў майстэрні з раніцы да вечара?

— Калі б я паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, можа і быў бы чыста мастаком. Але я прыйшоў у музей і з тых часоў пастаянна знаходжуся ў будоўлі. Я зрабіў прыбудову, якая восем гадоў ніяк не выкарыстоўвалася, паралельна займаўся рэканструкцыяй Мірскага замка, нашага філіяла. Пятнаццаць гадоў я гэтаму прысвяціў, трэба было бегаць плаціць працэнтоўкі ў казначэйства, гэта не так і проста. Кожны аўторак за сто кіламетраў ездзілі на планёрку. Зрабіў — у музея Мірскі замак забралі. Зараз мы займаемся музейным кварталам, трэба нешта яшчэ ўзяць па суседстве, таму што калі не возьмеш — ніхто не возьме. Канешне, на жывапіс мне фізічна не хапае часу. Гэта мая біяграфія: калі не я, то хто? Я не магу быць лагодным і сядзець як мыш пад венікам, кожны год у мяне з усімі міністрамі «дзелавыя адносіны». Таму не атрымліваецца пісаць столькі, колькі іншыя. Вось мой калега з Арменіі: пайшоў раніцай у майстэрню, папісаў, прыйшоў у музей, падпісаў фінансавыя дакументы, вярнуўся ў майстэрню. А ў мяне будоўля, нарады і іншае. Затое жывапіс дае магчымасць пераключацца і дазваляе трымаць форму.

— Ці шмат у вас дома карцін?

— Ды ў мяне карцін — мора! Каля пяцідзесяці я нават перадаў Добрушскаму музею. Кватэра ўжо ломіцца ад работ нашых мастакоў, ёсць кітайскія. Няма куды вешаць, жонка нават на дачы ўсё месца заняла. Мая кватэра — філіял Нацыянальнага мастацкага музея.

— Ведаючы пра ўсе вашы рэгаліі, хачу запытаць, якое сваё дасягненне вы лічыце найважнейшым.

— Я бачу плён сваёй работы, калі адкрываецца выстаўка. Бачна, што для музея я папрасіў у Прэзідэнта будынак на Карла Маркса, які планаваўся пад гасцініцу. Развіваецца музейны квартал. У 2001 годзе я гартаў маленькі праваднік, у канцы якога было напісана, што Нацыянальны мастацкі музей размяшчаецца ў пяці залах. Я сказаў, маўляў, будзем рабіць музейны квартал, а мае супрацоўнікі палічылі мяне вар'ятам. Сёння ў тых пяці залах толькі рускае мастацтва. Думаю, мае папярэднікі — Мікалай Міхалап, Алена Аладава і Юрый Карачун — былі б задаволены маёй работай. Нейкі след я пакіну і ў першую чаргу як дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.