Вы тут

Мастацтва вуліц: драўляныя інсталяцыі і гіганцкі малюнак на шматпавярховіку


На пляцоўцы па вуліцы Матусевіча ў Мінску з'явілася незвычайная інсталяцыя. Яна зроблена з драўляных паддонаў і кабельных шпулек, якія выкарыстоўваюцца ў нехарактэрнай якасці і прыцягваюць увагу сваёй яркасцю і навізной.


Здавалася б, як можна з такіх штодзённых і сумных матэрыялаў, як будаўнічыя паддоны і пустыя шпулькі ад кабеляў, зрабіць штосьці цікавае? Аказваецца, можна. Мастакі з праекта «Арт-салата & Хатні ачаг» паспрабавалі даказаць, што самыя звычайныя прадметы, скампанаваныя незвычайным чынам, здольныя ператварыцца ў мастацкія творы.

Усяго інсталяцый сем, і працавалі над імі адзінаццаць мастакоў. Вельмі цікава глядзець на фігуры, якія ўзніклі ў выніку іх творчасці. То гэта дзіўнай формы, але добра вядомы веласіпед. Толькі твор назвалі «Веселапед», што таксама дадае цікавасці. То высачэзная піраміда са шпулек. То дзіўнай, але пацешнай формы лаўка, зробленая ў выглядзе чатырохвугольніка. Дарэчы, на яе можна прысесці і адпачыць, а не толькі палюбавацца як творам мастацтва. Беларускія мастакі (а гэта Юрась Мацко, Сяргей Грыневіч, Алесь Фалей, Алесь Трусаў, Зміцер Сурскі, Кірыл Кухарчук і Валянцін Борзды), сапраўды, прыклалі ўсе свае творчыя намаганні і фантазію, каб зрабіць нешта незвычайнае і, галоўнае, з любоўю да Мінска.

Жыхары сталіцы, здаецца, адказалі ім узаемнасцю: яны цэлымі сем'ямі прыходзяць разглядаць скульптуры і фатаграфавацца на іх фоне. Ну а дзеці хутка асвоілі новы інтэр'ер і на ўсю моц эксплуатуюць незвычайныя «цацкі». Адзначым, што праект і ствараўся з мэтай разнастаіць жыццё гараджан, прыўнесці ў яго свежыя фарбы. І, мяркуючы па той увазе, якую выклікае ідэя мастакоў, з пастаўленай задачай яны справіліся бліскуча.

А вось прыклад таксама сучаснага вулічнага мастацтва, толькі крыху іншага кірунку. На вуліцы Ляшчынскага непадалёк ад станцыі метро «Кунцаўшчына» на сцяне 12-павярховага дома з'явіўся партрэт маладога чалавека. Праца над малюнкам, ці як інакш называюць падобныя насценныя графіці — муралам, падыходзіць да свайго лагічнага фіналу: выява амаль што завершана і выканана ва ўвесь рост, можна сабе ўявіць маштаб гіганта!

Аўтар гэтага незвычайнага малюнка — мастак з Аўстраліі Фінтана Мэгі. Натхнёны прыгажосцю, утульнасцю і спакоем Беларусі, а таксама творчасцю мясцовых мастакоў, ён вырашыў зрабіць унёсак у сталічнае вулічнае мастацтва. У якасці мадэлі Фінтана выкарыстаў мінскага школьніка. Чаму? Па словах мастака, у сваёй рабоце ён хоча адлюстраваць мінулае, сучаснасць і будучыню Беларусі, а таксама тое, што краіна хутка развіваецца і ідзе наперад. А хто, як не малады чалавек, сімвалізуе ўсе гэтыя якасці? У руках хлопец трымае папяровую птушку, якая сімвалізуе імкненне да вышыні, а за яго спінай — цень, у якім адбіваецца мінулае краіны, яе манументальная архітэктура і велічная сучаснасць.

Як паведаміў удзельнік творчага праекта Раман, па завяршэнні гэтага мурала каманда гатовая распачаць работу над іншым праектам. Яшчэ адзін малюнак на фасадзе шматпавярховіка ў хуткім часе з'явіцца непадалёк, балазе адміністрацыя Фрунзенскага раёна ідзе насустрач ідэям вулічных мастакоў. А чаму ж не ісці? Падобныя праекты прыкметна ўпрыгожваюць наша жыццё, ператвараюць штодзённасць у свята і дораць людзям выключна станоўчыя эмоцыі.

Сяргей КУЛАКОЎ, Вольга АНУФРЫЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.