18 Верасень, аўторак

Вы тут

За першыя дні палявання на птушак дзяржінспектары канфіскавалі 20 стрэльбаў


Зроблена гэты было з-за парушэнняў правілаў палявання і праблем з дакументамі, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Узмоцнены кантроль з боку дзяржінспектараў ў першыя дні палявання на птушак паказаў, што не ўсе паляўнічыя належным чынам падрыхтаваліся да адкрыцця сезона, а нехта і зусім адважыўся на відавочнае парушэнне.

Пры выбарачнай праверцы дакументаў аказалася, што ў паляўнічых у Кобрынскім і Гарадоцкім раёнах былі пратэрмінованы дазволу на нашэнне зброі, у Гродзенскім раёне паляўнічы выйшаў ва ўгоддзі без дзяржпасведчання на права палявання. Двух паляўнічых на Светлагорскім вадасховішчы заспелі з расчахлёнай зброяй у начны час, на Бярэзіне мужчына пры паляванні скарыстаўся лодкай з маторам.

Як распавялі далей у Дзяржінспекцыі, яшчэ адно грубае парушэнне — нашэнне забароненых боепрыпасаў. Уладальнікам пуцёўкі на птушыную дзічыну дазволена выкарыстоўваць толькі дроб, тым не менш патроны з кулямі і карцеччу выявілі ў шасцярых паляўнічых. Траіх з іх затрымалі на тэрыторыі Дзяржынскага раёна. У тым жа раёне два паляўнічыя “зайшлі” ў зону спакою ўгоддзяў каля вёскі Рудня і падстрэлілі там трох качак. Шкода ад такога палявання вылічаецца ў трохразовым памеры, яна склала 270 базавых велічынь (6,6 тысячы рублёў), вырашаецца пытанне аб крымінальнай адказнасці парушальнікаў.

Таксама ў забароненым месцы — паблізу Вілейскага вадасховішча, і да таго ж без дакументаў, — палявалі яшчэ два парушальніка. У Быхаўскім, Столінскім і Маладзечанскім раёнах дзяржінспектары затрымалі паляўнічых з незарэгістраванай зброяй.

За парушэнні правілаў палявання без прычынення буйнога ўрону вінаватых чакае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу, таксама прадугледжана пазбаўленне спецыяльнага права і канфіскацыя зброі.

У ходзе кантролю за выкананнем правілаў палявання работнікі Жлобінскай міжрайінспекцыі атрымалі інфармацыю, што жыхар вёскі Матневічы Чачэрскага раёна трымае на падворку чырванакніжнага барсука. Пры выездзе на месца паведамленне пацвердзілася: як устанавілі інспектары, у пачатку лета мужчына адлавіў жывёлу ў паляўнічых угоддзях і прывёз дадому. За незаконную транспарціроўку чырвонакніжніка вяскоўцу пагражае буйны штраф. Барсука агледзеў ветурач, пасля гэтага яго выпусцілі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.