Вы тут

Прынцыпы дзейнасці Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы


На якіх прынцыпах грунтуецца дзейнасць Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, расказала яго старшыня

Адно з мерапрыемстваў у насычаным графіку прадстаўнікоў кангрэса — сустрэча ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэта, напэўна, адна з самых значных падзей у рамках візіту. Замежныя спецыялісты абмяняліся вопытам як з тымі, хто сёння непасрэдна працуе ў мясцовых органах улады, так і з будучымі кіраўнікамі, якія пакуль яшчэ толькі студэнты.


Тэму размовы старшыня кангрэса Гудрун Мослер-Цёрнстром прадставіла наступным чынам — роля мясцовых супольнасцяў у той сістэме шматузроўневага кіравання, якую імкнуцца пабудаваць у Еўропе. Шукаць новую мадэль прымушаюць недахопы дэмакратычнай сістэмы і наступствы эканамічнага крызісу.

Ключавыя прыкметы новай формы, якую будуюць у кангрэсе, — выпрацоўка рэкамендацый для мясцовых органаў кіравання і раздзяленне паўнамоцтваў па прынцыпе субсідыярнасці. Гэта значыць, што палітыка павінна быць бліжэй да грамадзян, а паўнамоцтвы — перадавацца на той узровень, дзе выканаць іх можна найбольш эфектыўна.

Стандарты і правы

Прынцып субсідыярнасці быў устаноўлены Еўрапейскай хартыяй мясцовага самакіравання (1985 года), якая з'яўляецца базавым дакументам рэгіянальнай дэмакратыі. У ёй вызначаны прававыя асновы дэцэнтралізацыі і развіцця мясцовага самакіравання ў Еўропе. Па словах спадарыні Мослер-Цёрнстром, задача Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад — маніторынг рэалізацыі хартыі ў 47 краінах, якія яе ратыфікавалі.

Дакумент вызначае агульнаеўрапейскія стандарты мясцовай дэмакратыі і абараняе правы прадстаўнікоў рэгіянальнай улады.

Сярод асноўных прынцыпаў і палажэнняў хартыі наступныя: на пасады ў мясцовыя кіруючыя органы людзі павінны выбірацца дэмакратычным чынам, муніцыпальная ўлада мае права на фінансавую аўтаномію і выконвае свае абавязкі без уплыву нацыянальных органаў.

— У маёй краіне, Аўстрыі, мясцовыя органы ўлады павінны запрашаць жыхароў раз на год на сустрэчу і расказваць ім пра свае ідэі, мэты — так, каб людзі маглі гэта абмеркаваць, — прыводзіць прыклад старшыня кангрэса.

Перадача кіраўнічых паўнамоцтваў павінна суправаджацца і фінансавай аўтаноміяй. Важны пункт хартыі — забеспячэнне мясцовых органаў грашовымі рэсурсамі, якіх будзе дастаткова для выканання абавязкаў. Вырашыць гэта можна, пераводзячы фінансавыя сродкі з нацыянальных фондаў або дазваляючы мясцовай уладзе збіраць падаткі.

Асаблівую ўвагу кангрэс удзяляе таму, каб на мясцовым і рэгіянальным узроўнях клапаціліся аб правах чалавека, якія з'яўляюцца адным з ключавых прыярытэтаў дзейнасці ўсяго Савета Еўропы.

— Я хачу паказаць, што шэраг еўрапейскіх прынцыпаў мясцовага самакіравання не з'яўляецца закрытым. Гэта не канчатковы набор правіл, а фактычна — жывы матэрыял, які пастаянна развіваецца. Таму ў палітыцы мы не можам дасягнуць канчатковага пункта і канчаткова быць задаволенымі. Усё змяняецца, як мы бачым, у наш час,— кажа Гудрун Мослер-Цёрнстром.

Таму кангрэс заўсёды імкнецца не толькі захаваць базавыя прынцыпы хартыі, але і палепшыць, мадэрнізаваць іх згодна з новымі рэаліямі.

Па словах старшыні, у апошні час у Еўропе назіраецца тэндэнцыя «дэсалідарызацыі». Прычына таму — разнастайныя крызісы. Усё гэта падрывае збалансаваны падзел паўнамоцтваў мясцовай дэмакратыі.

— Калі б мы трымаліся разам і вырашалі праблемы разам з іншымі краінамі, напрыклад праблему бежанцаў, то было б лепш, — упэўнена старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад.

Механізм маніторынгу

Усе краіны, якія ратыфікавалі хартыю, абавязаліся выконваць яе палажэнні.

— Ёсць артыкулы, якіх трэба прытрымлівацца дакладна. Ёсць іншыя артыкулы, па якіх можна прапанаваць пэўныя агаворкі, выконваць крок за крокам, — адзначае Гудрун Мослер-Цёрнстром.

Большасць палажэнняў пазбаўлена альтэрнатыў. Напрыклад, права грамадзян удзельнічаць у кіраванні дзяржаўнымі справамі, самастойна выбіраць свае органы ўлады і вызначаць іх кампетэнцыі; ключавыя правы супольнасцяў на аўтаномію, самакіраванне, права судовай абароны ад уздзеяння ўлады іншых узроўняў.

Кангрэс з'яўляецца тым органам, які сочыць за выкананнем названых прынцыпаў. Кантроль ажыццяўляецца дзякуючы маніторынгу, які праводзіцца з 1995 года. За гэты час падрыхтавана каля 100 дакладаў з рэкамендацыямі для нацыянальных урадаў. З 2010 года механізм змянілі, каб зрабіць кантроль больш празрыстым і рэгулярным. Цяпер маніторынг праводзіцца ў кожнай краіне адзін раз на пяцігодку — атрымліваецца 10—12 краін у год.

— Маніторынгавы камітэт рэалізоўвае візіты ў краіну. Мы сочым за выбарамі і рэкамендуем пэўныя дзеянні для таго, каб палепшыць выбарчыя сістэмы і працэсы, — паведаміла старшыня кангрэса. — Да таго, як стаць кіраўніком кангрэса, я вельмі шмат часу ўдзяліла працы ў маніторынгавых камітэтах. На ўсіх узроўнях: і рэгіянальным, і мясцовым — я шмат пра што даведалася падчас маніторынгавых візітаў.

Даклады з рэкамендацыямі па краінах рыхтуюцца пасля аднаго-двух візітаў. Спецыялісты атрымліваюць інфармацыю па краіне, назіраюць за выбарамі, працуюць сумесна з разнастайнымі інстытутамі і арганізацыямі. Сустракаюцца з мясцовымі органамі самакіравання, суддзямі, асацыяцыямі, грамадзянскімі супольнасцямі і іншымі. Пасля візітаў праект даклада прадстаўляецца зацікаўленым партнёрам. Яны могуць зрабіць свае каментарыі. Затым справаздачу абмяркоўвае камітэт па маніторынгу. Адзін з заключных этапаў — пасяджэнне ў кангрэсе, дзе распрацоўваюцца рэкамендацыі. Канчатковы дакумент перадаецца адпаведнаму ўраду, а прадстаўнікі краіны ў кангрэсе пасля даюць справаздачу аб выкананні парад.

Сярод наглядных вынікаў працы старшыня кангрэса прывяла аднаўленне дыялогу ў Славеніі і ратыфікацыю пратакола аб грамадскіх справах. Прамыя выбары губернатараў у Расіі — таксама рэкамендацыя арганізацыі.

Не дзеля парад

Удзел у абмене меркаваннямі, акрамя Гудрун Мослер-Цёрнстром, узялі дырэктар Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Жан-Філіп Базуль, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў. Прымаў удзельнікаў сустрэчы першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Валерый Барадзеня.

Беларусь не з'яўляецца членам кангрэса, але ўжо шмат гадоў супрацоўнічае з арганізацыяй.

— Калі вы нешта хочаце рабіць у вашай краіне, а ваша краіна хоча развіваць самакіраванне, то мы з задавальненнем прадставім парады, — сказала Гудрун Мослер-Цёрнстром.

Але не толькі дзеля парад завіталі ў Мінск члены кангрэса, іх мэта — пазнаёміцца з вопытам беларусаў у мясцовым самакіраванні.

— Мы тут не толькі, каб навучаць вас, а таксама для таго, каб пачуць ад вас, што вам неабходна. І наша задача — узмацніць мясцовае самакіраванне. Даведацца, што вы мяркуеце аб гэтым. Грунтуючыся на вашых адказах, мы можам гэтыя веды перадаць іншым краінам-членам. Мы імкнёмся даведацца і дапамагчы — гэта галоўная ідэя, якую я хацела б данесці да вас. Мы будуем агульныя веды для мясцовага самакіравання.

У студэнтаў была магчымасць задаць пытанні высокім гасцям. Моладзь цікавілася электроннай дэмакратыяй, праектамі па захаванні культурнай спадчыны. Адно з пытанняў датычылася перспектыў супрацоўніцтва паміж кангрэсам і Беларуссю. Ролю моста тут выконвае Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску — дзякуючы яму рэалізавана ўжо больш за 40 сумесных праектаў. У той жа час спадарыня Мослер-Цёрнстром выказала надзею, што Беларусь далучыцца да хартыі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

 


Ці мае сэнс фінансавая аўтаномія рэгіёнаў?

Падчас круглага стала, які сумесна правялі Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, прагучаў тэзіс аб магчымай фінансавай аўтаноміі мясцовага самакіравання, які мы папрасілі пракаментаваць асобных удзельнікаў семінара.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька адзначыў, што фінансавую аўтаномію павінны ствараць рэгіянальныя суб'екты гаспадарання, якія праводзяць разумную фіскальную палітыку і інвеставанне, развіваюць прадпрыемствы. «Калі існуюць такія, то пэўная фінансавая незалежнасць узнікае, паколькі не ўсе грошы забіраюць у цэнтр. Але я перакананы, што поўнай фінансавай незалежнасці ў рэгіёнаў быць не павінна. Хіба тое, што зараз адбываецца ў Барселоне, гэта не прытрымліванне параграфаў хартыі?» — пацікавіўся ў адказ Генадзь Давыдзька.

Кіраўнік «Белай Русі» дадаў, што сёння падобныя рэчы не прымаюцца ў разлік еўрапейцамі. Ён падкрэсліў, што менталітэт беларусаў іншы, таму і разуменне мясцовага самакіравання, незалежнасці на месцах не зусім такое, як еўрапейскае. «Уся гісторыя славянства аб'ядноўвае: давайце ўсе разам, усёй грамадой, — нагадаў сенатар. — Філасофія і логіка тут не хутарская, яна не раз'ядноўвае. Калі даць незалежнасць у адпаведнасці з еўрапейскім разуменнем, то гэта трошкі не будзе адпавядаць нам ментальна».

Зразумелая мадэль для беларусаў наступная: ёсць цэнтр, дзе сканцэнтраваны пэўныя фінансы. А рэгіёну неабходна даказваць абгрунтаванасць сваіх праектаў, пры гэтым маючы ўласны бюджэт, у рамках якога ён незалежны. На думку Генадзя Давыдзькі, падзел рэгіёнаў і цэнтра — гэта ўтопія, якая можа нават стаць небяспечнай.

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк звярнуў увагу на выступленне аднаго са спікераў круглага стала Міраслава Кобаса. Апошні адзначыў: ёсць такое паняцце, як нізавы ўзровень народаўладдзя — тэрытарыяльны орган грамадскага самакіравання. Міраслаў Кобаса прапанаваў арганізаваць падтрымку ў гэтым напрамку ў памеры 0,1 % ад бюджэту.

«Па Мінску мы даўно адпрацавалі пэўную схему ў дачыненні да дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Ёсць зацверджаная гарадскім Саветам дэпутатаў, прэзідыумам інструкцыя ў духу спаборніцтва, — расказаў Васіль Панасюк. — На раённым узроўні штоквартальна вызначаецца найлепшы калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і яму выдзяляюцца грашовыя сродкі, а затым і на гарадскім узроўні. Грамадская работа не можа быць «расшчэпленая» на службовыя аклады — на тое яна і грамадская. Дык вось, гэтых грошай, якія бяруцца з бюджэту Мінска, цалкам дастаткова для выканання функцый органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ведаць, абараняць, дапамагаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.