Вы тут

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі: слова ўдзельнікам


Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Яшчэ падчас ІІІ Форуму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што парламентарыям Беларусі і Расіі трэба ўзяць пад патранаж супрацоўніцтва органаў мясцовага самакіравання. У нас ужо ёсць вопыт такога супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю. Мы напрацавалі пэўную практыку і паступова яе развіваем. Па ўсіх кірунках атрыманы добры вынік. Гэтым разам мы падпісваем пагадненні аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі сходамі Калужскай, Самарскай, Смаленскай, Калінінградскай, Ленінградскай абласцей і Краснадарскага краю. Нам вельмі цікавы вопыт заканадаўчых сходаў Расійскай Федэрацыі ў рабоце з выбаршчыкамі, у фарміраванні і рабоце па стварэнні органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, норматворчая дзейнасць па згаданым кірунку. Будзем напаўняць пагадненні канкрэтнымі мерапрыемствамі па супрацоўніцтве.

Юрый НАРКЕВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў:

— З дзясяткамі расійскіх рэгіёнаў у Брэстчыны склаліся трывалыя партнёрскія, ды і сяброўскія адносіны. Расія для нашай вобласці з'яўляецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам, на яе прыходзіцца крыху больш за 70 працэнтаў экспарту рэгіёна. Апошнім і абумоўлена грунтоўнае стаўленне да Форуму рэгіёнаў. Да мерапрыемства падрыхтаваны цэлыя пакеты дакументаў (і не толькі ў выглядзе кантрактаў асобных прадпрыемстваў), узгоднены дамовы рэгіянальнага характару. Напрыклад, чакаецца падпісанне дагавораў аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкай вобласцю і Бураціяй, а таксама Калужскім рэгіёнам.

Ну і нашым дзелавым колам ёсць што паказаць усходнім суседзям. Прадпрыемствы вязуць выстаўкі сваёй прадукцыі і канкрэтныя прапановы.

Ігар Жук, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Кожны форум прыносіць і эканамічныя вынікі, і тут, акрамя падпісання дагавораў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі і заканадаўчымі сходамі, абласнымі Саветамі дэпутатаў будуць падпісаны і камерцыйныя кантракты на даволі значную суму. Гэта сведчыць аб тым, што рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца, і рэгіёны з'яўляюцца лакаматывам для збліжэння Расіі і Беларусі ў межах саюзнай дзяржавы.

Аб важнасці кірунку сведчыць і нядаўні прыезд у наш Гродзенскі рэгіён Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі Міхаіла Бабіча. Дыпламат наведаў Беларускую атамную станцыю, партнёрам па будаўніцтве якой выступае расійская кампанія. Зараз намаганні абедзвюх краін накіраваны на тое, каб здаць аб'ект своечасова, у вызначаны тэрмін. Дарэчы, пасол адзначыў, што работы вядуцца згодна з графікам.

Важна, што дыпламат звярнуў увагу на гродзенскую «малочку», пастаўку якой часам абмяжоўвае расійскі бок. Міхаіл Бабіч змог пазнаёміцца з поўным цыклам вырабу прадукцыі — ад малочнатаварнага комплексу да перапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, пасол пабываў на камбінатах Смаргоні, Ашмян і Ліды. На гэтых заводах вырабляюць сыры і тварог, якія пастаўляюцца ў Расію. Кожнае прадпрыемства актыўна супрацоўнічае з расійскімі рэгіёнамі, экспарт прадукцыі ў гэту краіну складае да 80 %. Дыпламат змог асабіста пазнаёміцца з тым, як вядзецца работа на малочных заводах — ад прыёмкі да лабараторыі. І вельмі важна, што пасол мае намер выпрацаваць сумесныя прапановы па пераадольванні цяжкасцяў у гэтым кірунку, стварыць умовы, каб эканоміка малочных прадпрыемстваў паспяхова развівалася на карысць абедзвюх дзяржаў — Расіі і Беларусі.

Пётр Руднік, генеральны дырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно»:

— Сёння ў Расію паступае палова нашай прадукцыі — на суму больш за 100 мільёнаў долараў штогод. І нам хацелася б яшчэ болей пашырыць кола кантактаў. Кожны Форум рэгіёнаў, пачынаючы з першага, садзейнічаў таму, каб колькасць кантрактаў і іх сумы толькі павялічваліся.

Для Магілёва і вобласці ў цэлым вялікі гонар прымаць такое важнае мерапрыемства як Форум рэгіёнаў. Геаграфічна наша вобласць знаходзіцца на ўсходзе Беларусі, побач з Расіяй, мяжуе са Смаленскай і Бранскай абласцямі. Калісьці Магілёў называлі трэцяй сталіцай ваеннай царскай Расіі. Не страчвае ён сваёй стратэгічнай ролі і зараз. І добра, што існуе такі добры шанц для ўзаемавыгаднага пошуку партнёраў і падпісання кантрактаў як Форум рэгіёнаў.

Кацярына Зянкевіч, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Такія пляцоўкі, як V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дазваляюць хутка, без лішняй бюракратыі, праводзіць перамовы, заключаць узаемавыгадныя міжрэгіянальныя кантракты. Гэтыя сувязі істотна ўплываюць на якасныя бакі нашай жыццядзейнасці: пашыраецца геаграфія і ўзрастаюць аб'ёмы вытворчасці, павялічваецца актыўнасць суб'ектаў гаспадарання і колькасць сумесных мерапрыемстваў міжрэгіянальнага характару, развіваецца сацыяльна-гуманітарнае супрацоўніцтва. Усё разам станоўча ўплывае на ўзровень дабрабыту людзей. Цяпер Гомельскім аблвыканкамам і абласным Саветам дэпутатаў складзена 24 двухбаковыя дакументы па міжрэгіянальным супрацоўніцтве з 20 расійскімі рэгіёнамі. У межах гэтых пагадненняў шмат зроблена, ёсць пэўныя вынікі. Аднак, на мой погляд, неабходна развівацца далей, рухацца наперад. Падчас V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі мы плануем падпісанне пагадненняў паміж Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў і заканадаўчымі сходамі Ніжагародскай і Кіраўскай абласцей і яшчэ шэраг іншых інтэграцыйных дагавораў, якія выведуць нас на новы, больш высокі ўзровень стасункаў.

Васіль Панасюк, старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў:

— У Мінска ёсць свае опцыі міжнароднага супрацоўніцтва — гэта калі мы праводзім Дні Мінска ў Санкт-Пецярбургу, у Маскве і ў іншых гарадах Расіі. Але мы выкарыстоўваем удзел у магілёўскім форуме як дадатковую пляцоўку для наладжвання цесных сувязяў з гарадскімі расійскімі заканадаўчымі органамі. У нас ужо ёсць добры вопыт супрацоўніцтва з Масквой, Омскам і Санкт-Пецярбургам. На форуме ў Магілёве будзе падпісана пагадненне паміж Пермскай гарадской Думай і Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў. Заўсёды цікава даведацца, які фармат работы ў прадстаўнічага заканадаўчага органа па рашэнні гарадскіх праблем? Бо праблемы адны і тыя ж, што ў Пермі, што ў Мінску. Цікава паглядзець адзін у аднаго, як прымаецца тая ж бюджэтная класіфікацыя, як размяркоўваецца бюджэт, што будуецца, як наладжана справа з элементамі добраўпарадкавання? Нават сама арганізацыя работы дэпутатаў у Пермі нам цікавая! Пасля заключэння дамовы мы зможам паглядзець, што ў каго пераняць найлепшага на карысць нашых грамадзян.

Загаловак у газеце: Слова ўдзельнікам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.