Вы тут

Апошнім часам узрасла колькасць ДТЗ на дарогах краіны


Апошнім часам узрасла колькасць ДТЗ на дарогах краіны. Узнікаюць пытанні наконт таго, з чым гэта звязана і якія прымаць меры для скарачэння колькасці аварыйных сітуацый.


Як расказала старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык, за верасень адзначана 308 дарожных здарэнняў. У іх загінулі 52 чалавекі, 347 атрымалі траўмы. З удзелам пешаходаў за той жа перыяд было зафіксавана 70 аварый, прычым 37 аварый адбыліся па віне саміх пешаходаў. У гэтых ДТЗ загінулі сем чалавек і атрымалі раненне 32. Выпадкаў наезду на веласіпедыстаў адзначана 38, адзін — на конны транспарт.

У цэлым, заўважае Ганна Банадык, тэндэнцыі да павышэння колькасці ДТЗ не назіраецца. Наадварот, з кожным годам сітуацыя на дарогах становіцца больш бяспечнай. Калі браць такую красамоўную лічбу, як колькасць загінулых у ДТЗ, то тут адзначана зніжэнне на 6,5 працэнта.

Што ж датычыцца частых аварый у апошнія тыдні, то прамую ролю тут адыгрывае змяненне ўмоў надвор'я. Пачаўся асенне-зімовы перыяд. Святлее пазней, а цямнее, наадварот, рана. Бачнасць на дарогах пагаршаецца, асабліва, у дажджлівы час. Нярэдка бывае так, што кіроўцы не паспяваюць заўважыць нават іншы аўтамабіль, не кажучы ўжо пра цёмны сілуэт пешахода на абочыне.

І тут першараднае значэнне набывае ўважліваць саміх кіроўцаў і пешаходаў. Для кіроўцы важна старанна правяраць тэхнічны стан аўтамабіля. У салоне павінен працаваць абагрэў, што дазваляе пазбегнуць запацявання шкла. Само сабой, павінны быць спраўныя светлавыя прыборы, «дворнікі» і тармазная сістэма. Таксама кіроўцам не варта забываць, што ўключэнне блізкага святла ва ўмовах недастатковай бачнасці дапаможа пазбегнуць самых непрыемных сітуацый.

Акрамя таго, трэба адзначыць такую дэталь, як фізічны стан чалавека. З надыходам халадоў многія пачынаюць хварэць, прымаць лекі, што адбіваецца на здольнасці чалавека належным чынам кіраваць транспартным сродкам. Садзіцца за руль хвораму наогул забаронена. Але некаторыя ігнаруюць падобныя забароны, следствам чаго можа стаць чарговае ДТЗ.

Умовы надвор'я часам даволі непрадказальна ўздзейнічаюць на паводзіны кіроўцы. Напрыклад, увесь тыдзень было дажджліва, а затым на выхадныя стала цёпла і суха. І многія з радасці пачынаюць «лётаць», забываючы аб хуткасным рэжыме і ствараючы масу аварыйных сітуацый. Да такіх кіроўцаў хочацца звярнуцца з заклікам аб няспыннай пільнасці і выкананні элементарных правілаў дарожнай бяспекі.

Што датычыцца пешаходаў, то ім трэба ў першую чаргу нагадаць пра важнасць абазначэння сябе святлоадбівальнымі элементамі — флікерамі. Праведзеныя эксперыменты даказалі, што флікер робіць пешахода на цёмнай дарозе прыкметным у святле фар на адлегласці да 400 метраў. А гэта дае кіроўцу дадатковы час на прыняцце найбольш правільнага рашэння, каб пазбегнуць наезду на пешага ўдзельніка дарожнага руху.

Размяшчаць святлоадбівальныя падвескі, павязкі, бранзалеты, значкі і іншыя элементы неабходна так, каб яны былі бачныя кіроўцу, а не закрываліся складкамі адзення, торбамі або парасонамі.

І, зразумела, пешаходы, разам з кіроўцамі, абавязаны выконваць правілы дарожнага руху. Гэта значыць, не пераходзіць вуліцу ў забароненых месцах, не дапускаць нечаканага з'яўлення на дарозе, не знаходзіцца на праезнай частцы ў стане ап'янення. Правілы гэтыя простыя і ўсім вядомыя, і няўхільнае выкананне іх, асабліва з наступленнем асенне-зімовага перыяду, дазволіць пазбегнуць непажаданых і трагічных наступстваў.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Дзень карацейшы — аварый больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.