Вы тут

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг


«Што для мяне ЕdСаmр? Магчымасць сустрэцца з настаўнікамі з усёй Беларусі, якія ўжо сталі сябрамі падчас такіх жа нефармальных канферэнцый і фестываляў. Магчымасць быць вольнай у выбары. Магчымасць пачуць безліч цікавых ідэй! Гонар за тое, што ў нас столькі неабыякавых і цікавых педагогаў! Неверагодная колькасць прыёмаў у «скарбоначку». Нейкі выбух мозга! Зараз адбываецца бесперапынная рэфлексія, і мяне не пакідае думка, што мне мала! Так шкада, што немагчыма было разарвацца, бо хацелася пабываць на ўсіх майстар-класах, якія праходзілі адначасова. Мінулы ЕdСаmр быў цікавы, а гэты нейкі неперадавальна яскравы і эмацыянальны... Сапраўднае адкрыццё — мноства маладых і бясконца таленавітых настаўнікаў. Гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра тое, што ў педагогі ідуць толькі тыя, каму больш нікуды для паступлення балаў не хапіла. Гэта крута назіраць і радасна! З кожным разам усё больш і больш люблю гэту «настаўніцкую тусоўку», якая множыцца, але становіцца ад гэтага яшчэ больш якаснай і цікавай. Столькі апантаных сваёй справай настаўнікаў (і не толькі) на адзін квадратны метр плошчы не часта сустрэнеш. Няхай нам усім хопіць сіл, каб дачакацца наступнай сустрэчы», — падзялілася сваімі меркаваннямі пасля завяршэння другой педагагічнай неканферэнцыі настаўніца пачатковых класаў з сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана ІВАНЮШЫНА.


На педагагічнай неканферэнцыі ўсе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Ці спалучыць першае і другое.

Без фармалізму...

«Чаго было ўдосталь і што цалкам адсутнічала? — разважае настаўніца гісторыі Бобрскага вучэбнага-педагагічнага комплексу яслі-сад — сярэдняя школа Крупскага раёна Яніна ПУШКІНА. — Былі экстрым, інтрыга, эксклюзіў, феерверк ідэй. Адсутнічалі заарганізаванасць, фармалізм, бюракратызм. Страшна было выйсці перад публікай і прапанаваць калегам сваю ідэю, а потым правесці з высокай трыбуны свой майстар-клас. Інтрыга была ў тым, якія ідэі акажуцца найбольш запатрабаваныя педагагічнай грамадскасцю па выніках галасавання. А яшчэ ўдосталь было павагі і ўвагі настаўніку, што дэфіцыт у наш час. Неканферэнцыя — гэта маленькая мадэль таго, як найлепшым чынам можа быць уладкавана школа. І не трэба баяцца хаосу, бо мы ж ведаем, што «толькі з хаосу нараджаюцца зоркі».

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. Змясціць усіх ахвотных робіцца ўсё больш праблематычным: у параўнанні з леташнім ЕdСаmр колькасць удзельнікаў мерапрыемства ўзрасла больш чым удвая (да 200 чалавек)! Да таго ж цяпер яно доўжылася два дні замест аднаго. Каб паслухаць некаторых спікераў, педагогі размяшчаліся... на падлозе на дыванах, бо ў памяшканні не хапала месца для крэслаў. Гэта стала падставай для жартаў, але ніхто не застаўся пакрыўджаным. Усе ведаюць, што неканферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі ці майстар-класа, якія цікавыя менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, з улікам меркавання кожнага. Калі табе нецікава ці твае чаканні засталіся няспраўджаныя, ты можаш змяніць свае планы і пайсці паслухаць іншага выступоўцу.

Цікава было назіраць, як запаўнялася на сцяне падрыхтаваная арганізатарамі карта Беларусі — настаўнікі заносілі на яе гарады і населеныя пункты, адкуль яны прыехалі. Да педагогаў з абласных цэнтраў далучыліся іх калегі з Маладзечна, Барысава, Лепеля, Століна, Мазыра, Полацка, Жлобіна, Оршы, Пастаў, Смаргоні, Узды, Баранавіч, Слоніма, Слуцка, Крычава, Жодзіна, Глыбокага, Чашнікаў, Нясвіжа, Ліды, Лагойска, Пінска і іншых гарадоў. Сярод удзельнікаў былі не толькі школьныя настаўнікі, але і ўніверсітэцкія выкладчыкі, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, як вопытныя педагогі, так і маладыя спецыялісты і нават студэнты педагагічных спецыяльнасцяў. Запаўняючы заяўку на ўдзел, яны шчыра напісалі: «Яшчэ няма чым падзяліцца, бо толькі з верасня пачала працаваць», «У мяне пакуль няма прафесійнага досведу».

На­стаў­нік бе­ла­рус­кай  мо­вы і лі­та­ра­ту­ры  з Лі­цэя БДУ Змі­цер  МА­КАР­ЧУК пра­па­на­ваў па­дзя­ліц­ца ідэ­яй  «Баць­коў­ска­га кі­на­клу­ба».

Але яго адсутнасць не праблема для неканферэнцыі, дзе ўсе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з уласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». Падчас ЕdСаmр Bеlаrus — 2018 педагогі чыталі казкі на новы лад, інтэрпрэтавалі мастацкія тэксты, развівалі свае навыкі крытычнага мыслення, складалі газетныя загалоўкі, паглыбляліся ў свет кіно, гулялі ў настольныя гульні, слухалі школьніка Колю Карнілава, які расказваў ім «азы» пра біткойны і блокчэйн, ладзілі фізічныя эксперыменты і нават танцавалі з вялікай ахвотай падчас майстар-класа па народных танцах, які для іх правяла Таццяна Грыневіч-Матафонава. «Гэта было крута! Лепш за фітнес! Не толькі весела патанцавалі, але і паклалі ў метадычную скарбоначку новы матэрыял», «Супер! Не толькі класна працуем, але і адпачываць добра ўмеем!», «Хацелася б усё паўтарыць, але ўжо ў народных строях», — прызналіся пазней настаўнікі.

Даведка

Еduсаtіоn Саmр (ЕdСаmр) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе і распаўсюдзілася на дзясяткі краін свету. На сённяшні дзень больш за 1500 мерапрыемстваў у 35 краінах аб'ядналі ўжо 120 000 педагогаў для адкрытага абмену педагагічным вопытам, супрацоўніцтва і вырашэння агульных задач. У Беларусі педагагічная неканферэнцыя ладзіцца сумеснымі намаганнямі мінскага хаба Glоbаl Shареrs і Таварыства беларускай школы. На конкурсе сацыяльных праектаў SосіаlWееkеnd ідэя першай неканферэнцыі для педагогаў аказалася сярод пераможцаў і займела бізнес-падтрымку.

Педагогі маглі прагаласаваць стыкерамі толькі за тры прапановы.

Прадаць ідэю

Але, безумоўна, цэнтральнай і самай цікавай падзеяй стаў кірмаш педагагічных ідэй. На спіч педагогам адводзілася ўсяго 60 секундаў. Ідэю трэба ўмець прадаць — гэта сёння разумеюць ужо ўсе. А для гэтага неабходна загарнуць яе ў яркую ўпакоўку, прыдумаць маркетынгавы ход, прыгожа паднесці... або проста наступіць на мазоль, які ўсім баліць. Як гэта зрабіла, напрыклад, настаўніца біялогіі са сталічнага ліцэя № 1 Кацярына Скрыган: «Нам кажуць, што настаўнік павінен быць энергічным і запальваць іншых. А што рабіць, калі спісы спраў бясконцыя, рабочы дзень набліжаецца да 24 гадзін, а інфармацыя, нават карысная, перавышае ўсе нашы магчымасці яе перапрацаваць. Больш за 15 гадоў я падбіраю, шукаю «лайфакі», ключыкі, спосабы, як быць больш эфектыўнай у рабоце і асабістым жыцці. Магу падзяліцца, як пры дапамозе простых і бясплатных сэрвісаў Gооglе можна паспяваць больш, а стамляцца менш, менш забываць, не падводзіць калег і сяброў, і пры гэтым у вас яшчэ застанецца час на прыемныя рэчы».

«Вашы студэнты сядзяць на занятках у сацыяльных сетках? Вас гэта непакоіць? Мяне таксама, але я ведаю, як паставіць іх на службу сабе. Раскажу і пакажу канкрэтныя прыклады таго, як выкарыстоўваць «Інстаграм», каб ён стаў вашым любімым і эфектыўным вучэбным інструментам», — спрабавала зацікавіць аўдыторыю выкладчыца моўнай школы «Свет без межаў» Таццяна РАЗМЫСЛОВІЧ.

«Калі я працую з будучымі педагогамі, у мяне часта цікавяцца, як зрабіць так, каб цябе пачыналі слухаць адразу, як ты заходзіш у клас? Першыя 60 секундаў у рабоце настаўніка — самыя важныя. А вопытныя калегі, наадварот, кажуць: «Я часта гляджу на гадзіннік, у мяне застаецца ўсяго адна хвіліна, а я яшчэ столькі не паспеў зрабіць». У вас самыя важныя 60 секундаў да канца ўрока. Як зрабіць так, каб яны прайшлі максімальна эфектыўна. Я магу вам пра гэта расказаць», — інтрыгаваў настаўнікаў выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксандр ВАРАНЕНКА.

Людміла МАКУЦЬ з баранавіцкага ліцэя № 1 прапанавала навесці фокус на гендар, паразважаць, чаму ў пачатковай школе выдатніцы — пераважна, дзяўчаткі, а ў старшых класах іх даганяюць і абыходзяць хлопцы? Чаму так адбываецца і ці трэба настаўніку ўлічваць пэўныя псіхалагічныя аспекты ў працэсе навучання?

Яніна Пушкіна выказала гатоўнасць расказаць, як працаваць з дзецьмі індыга. Таксама гучалі прапановы падзяліцца досведам у развіцці ў вучняў медыяадукаванасці з дапамогай школьнага тэлебачання, выкарыстанні пескаграфіі на школьных уроках, расказаць пра магчымасці сторытэлінгу на ўроках, візуалізацыю і гейміфікацыю навучання, метад Уолта Дыснея, інтэрактыўнае грамадазнаўства і эфект Люцыфера... Без увагі, напэўна, не застаўся ніводны адукацыйны трэнд!

Настаўнікі самі заносілі на карту гарады і населеныя пункты, адкуль яны прыехалі.

«Па вушах цякло...»

Былі і вельмі крэатыўныя выступленні, якія зрывалі апладысменты. Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ, настаўнікі англійскай мовы і фізікі гродзенскай сярэдняй школы № 26, пацікавіліся ў калег: «А ці даўно вы чыталі казкі? Мы паўтара года назад сталі маладымі бацькамі і цяпер, калі робім гэта, то на некаторыя моманты глядзім ужо па-іншаму. Напрыклад, усе ведаюць з дзяцінства казку пра курачку Рабу. А чаму расстроіліся дзед і баба, калі мышка разбіла яйка, хоць яны самі раней спрабавалі гэта зрабіць? Калі вы хочаце навучыць дзяцей нестандартна мысліць, крытычна ставіцца да інфармацыі, быць медыяадукаванымі і матываваць іх задаваць пытанні, прыходзьце на наш майстар-клас «Па вушах цякло, а ў мозг не трапіла...»

«Шаноўныя калегі, скажыце, а ці можна навучыць рыбу лазіць па дрэвах? Калі тут сабраліся «зоркі», давайце разам паспрабуем з дапамогай квэстаў зрабіць так, каб рыба ператварылася ў рэактыўны самалёт. Запрашаю ўсіх на мой квэст «Сем крокаў па-беларуску», — прапанавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства з Уздзенскай раённай гімназіі Галіна ГЛАДКАЯ.

«Нагляднасць фізічнага эксперымента ніхто не адмяняў. А што рабіць, калі дарагога абсталявання няма або яно дрэнна працуе? Я для правядзення фізічнага эксперымента выкарыстоўваю звычайныя прадметы. І калі вы прыйдзеце на мой майстар-клас, то даведаецеся, чаму дзяўчаты, якія носяць высокія абцасы, раздражняюцца па дробязях, а ў свой дзень нараджэння зможаце паставіць бутэльку шампанскага не па цэнтры стала, а на яго краі, на рабры», — абяцаў настаўнік фізікі з Ліцэя БДУ Сяргей ГАРБАЦЭВІЧ.

Усяго было агучана больш як 40 ідэй. З іх па выніках галасавання, якое адбывалася з дапамогай стыкераў (у кожнага ўдзельніка была магчымасць вызначыць для сябе трох фаварытаў), адабралі трынаццаць. А пакуль ішоў падлік галасоў, можна было завітаць на майстар-класы экспертаў па фарміраванні кампетэнцый ХХІ стагоддзя. У цэнтры ўвагі былі камунікацыя, крэатыўнасць, камандная праца і крытычнае мысленне.

Каманда маладых прафесiяналаў з Global Shapers Minsk Hub, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне EdCamp Belarus--2018!

Эфект доўгага хваста

А настаўніца рускай мовы і літаратуры са Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец падзялілася на сустрэчы з педагогамі сваімі думкамі і досведам наконт беларусізацыі адукацыі. Яна лічыць вялікай памылкай навязваць дзецям думкі накшталт «беларуская мова — матчына мова», бо ўжо для некалькіх пакаленняў беларусаў гэта, на жаль, няпраўда. «Згодна з нашай прафесійнай этыкай мы не маем права навязваць дзецям свае палітычныя і рэлігійныя погляды, але наш абавязак — выхоўваць дзяцей у павазе да той культуры, якая сфарміравалася на нашай зямлі, — падкрэслівае педагог. — Як настаўнікі мы можам беларускае ставіць перад усім. Чаму нашы вучні ведаюць пра Пушкінскі ліцэй і не ведаюць нічога пра Белпедтэхнікум, які дзейнічаў у 20-я гады ў Мінску і ў якім навучаліся практычна адначасова больш за два дзясяткі выбітных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў?.. Ніхто з нашых вучняў не ведае нічога і пра Інбелкульт. Чаму мы апелюем да іншых культур замест таго, каб апеляваць да сваёй? Ёсць толькі адзін шлях стаць гаспадаром на сваёй зямлі — праз нацыянальную культуру і мову. Калі я расказваю сваім вучням пра Пушкіна, мы заўсёды чытаем яго твор «Клеветникам России» і разбіраемся, чаму той сур'ёзна пасварыўся са сваім сябрам Адамам Міцкевічам. А ўсё з-за таго, што вялікі рускі паэт ухваліў у сваім вершы задушэнне польскага паўстання і імперскую палітыку Расіі. Расказваю вучням, чаму пасля напісання Някрасавым «Оды Муравьёву» студэнты рвалі яго партрэты і адпраўлялі яму дамоў па пошце. Гэта было грамадскае асуджэнне падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага... Я ўпэўнена, што мы павінны пабудаваць такую сістэму адукацыі, якая будзе адпавядаць менавіта нашым патрэбам, з улікам нашай ментальнасці, гістарычнага развіцця, геапалітычных асаблівасцяў і на нашым культурным падмурку. Так, можна вывучаць чужы досвед, але ствараць школу трэба найперш для сябе».

У па­раў­на­нні з ле­таш­нім EdCamp  коль­касць удзель­ні­каў ме­ра­пры­ем­ства  ўзрас­ла больш чым удвая.

Два дні, багатыя на крэатыўныя ідэі, прыемныя спатканні і добрыя ўсмешкі, праляцелі як адно імгненне. Напрыканцы адна з удзельніц канстатавала: «Я ўпэўнена, што ўсё самае важнае ў адукацыі адбывалася тут і цяпер». Педагагічнай неканферэнцыі ўласцівы так званы эфект доўгага хваста, калі пасля яе завяршэння абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі, ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца ў штодзённых занятках. Ала ПАЗНЯКОВА, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 10 горада Бабруйска, упэўнена: «ЕdСаmр — гэта тое, праз што трэба прайсці кожнаму настаўніку, каб зразумець, ці на сваім ты месцы. Ці гатовы ты вучыцца, ці гатовы будаваць новую школу краіны?»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і арганізатараў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.