Вы тут

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны


Спачатку ў рамках форуму праграма Bеlаrus Ореn прадставіла дзесяць найцікавейшых і, я ўпэўнена, для некага нечаканых беларускіх пастановак — пра іх мы ўжо расказалі. Потым сцэнічныя пляцоўкі заняла Міжнародная праграма — ужо восьмы раз «ТЭАРТ» прывёз у Мінск замежныя спектаклі, якія паказваюць, на што адгукаецца тэатр, якімі інструментамі і формамі ён карыстаецца, якія тэндэнцыі ў ім пануюць. Паўднёвакарэйцы з іх драйвам, «Тры сястры» ў нямой інтэрпрэтацыі Цімафея Кулябіна, кінашаблоны на тэатральнай сцэне ў бельгійскай рабоце — дзевяць замежных пастановак прамільгнулі ў Мінску, але, хочацца спадзявацца, засталіся тут у нейкім іншым, калі не фізічным, выглядзе. У аўторак быў паказаны апошні спектакль: 27 дзён форуму зноў далі зразумець, наколькі бяздонным, шчырым і захапляльным з'яўляецца тэатральнае мастацтва.


"Арктыка".

Калятэатральнае

Галоўных уражанняў ад «ТЭАРТу» ў мяне два — першае датычыцца цікавасці да форуму з боку наведвальнікаў, другое, канешне, саміх праграм, бо часам пасля прагляду падавалася, што ты дакрануўся да нечага невытлумачальна-касмічнага.

Статыстыка кажа, што за амаль месяц «ТЭАРТу» яго мерапрыемствы — што апроч пастановак прадугледжвае таксама сустрэчы, майстар-класы, лекцыі — наведала больш за сем тысяч чалавек. Гучыць даволі грунтоўна, аб'яднаць такую колькасць людзей пад адной назвай — дорага каштуе. Але мне ўспамінаюцца замежныя пастаноўкі (напрыклад, каманда неверагоднай «Арктыкі» дзеля аднаго паказу прывезла ў Мінск на дзвюх фурах паўтары тоны рэквізіту), што ў двухмільённым горадзе і не спешчанай тэатральнымі фестывалямі дзесяцімільённай краіне не сабралі поўныя залы.

Я даўно ведаю, што наша грамадства даволі пасіўнае ў дачыненні да культурнай сферы, але можна ўявіць, наколькі, калі нават стыльны і якасны «ТЭАРТ», што раз у год прапануе ўнікальны для Беларусі фармат і абяцае выкшталцоныя відовішчы, не можа прадаць на прапанаваныя пастаноўкі ўсе да аднаго білеты. Лічба ў сем тысяч перастае ўражваць, але сам «ТЭАРТ» гэта ніяк не характарызуе: паказаўшы беларускую праграму, якую ацанілі больш за трыццаць запрошаных замежных экспертаў, форум забяспечыў беларускага гледача аднымі з самых гучных тэатральных спектакляў замежжа. Тое, што культурны кантэкст прыязджае ў Мінск, а не кліча за сабой, дае нам шмат прэферэнцый і натуральна — прастору для разваг і спрэчак, бо не ўсё тут варта таго, каб глядзець з адкрытым ротам, затое кожная пастаноўка дае шмат інфармацыі пра навакольны свет і сучасны тэатр.

Харэаграфія

Гэтым разам у Міжнароднай праграме «ТЭАРТ» паказаў адразу тры харэаграфічныя пастаноўкі — дзіўна, наколькі шматслоўнай можа быць пластыка чалавечага цела і наколькі цікавым можа быць ненаратыўны танцавальны спектакль (але, зразумела, не кожны).

Па-першае, у Мінск прыехала экзотыка — пастаноўка «Даркнес пумба» з Паўднёвай Карэі: танцоры ў цалкам чорным адзенні, у тым ліку пінжаках, а таксама музыканты (падчас спектакля гледачы чуюць жывы гук) паказалі сапраўдны драйв. Рэжысёр аб'яднаў на сцэне традыцыйныя музычныя матывы і спевы з блюзам, рокам і мадэрновым танцам. Перакладу таго, што спяваецца, не было, з балкона я нават не бачыла тыя моманты, калі салісты выходзілі ў залу і атрымлівалі гучныя авацыі, але «Даркнес пумба» мяне скарыла. Сумяшчэнне старога і новага, павольнага і энергічнага, мінімалізму ў дэкарацыях і сканцэнтраванасці на рухах цела зрабілі сваю справу — гэта было прыгожа, захапляльна і, падазраю, небессэнсоўна. Падавалася, што спектакль звяртаецца то да нечага боскага, то да прыземленага і будзённага. На сцэне заставаліся мокрыя сляды ад разагрэтых целаў танцораў. Гледачы ўбачылі, як можна адбіць рытм металічнымі палачкамі для сушы і ўключыць такі празаічны элемент у тэатральнае мастацтва.

Дзве другія харэаграфічныя пастаноўкі прыехалі з Польшчы і таксама ў меншай ці большай ступені выкарысталі традыцыйныя матывы. Сztеrdzіеsсі (40) Джо Стромгрэна — танцавальная наратыўная гісторыя пра польку, якая з'ехала з халоднай Польшчы ад яе восені, што ўганяе ў дэпрэсію, сустрэла ў Францыі паляка, вярнулася на радзіму, убачыла ўсе змены і пачула памылкова пабудаванае пытанне «Hоw dо уоu dоіng?», зноў стала сведкам праблем краіны і так далей. У пэўны момант падаецца, што спектакль ператвараецца ва ўрапатрыятычную гісторыю, але не, не ператварыўся. Пастаноўка аказалася іранічнай і нават крыху сентыментальнай. Яна паказала актуальную для Польшчы праблему эміграцыі і актуальную для асобы праблему пошуку сябе. Усё гэта атрымалася перадаць вельмі вынаходлівымі спосабамі, дарэчы, у Джо Стромгрэна атрымалася, напэўна, адна з самых дакладных візуальных перадач дэпрэсіі.

«Жніво» ж Ігара Гашкоўскага перайграла само сябе. Гэтым разам танцавальны спектакль аказаўся не сюжэтным, але пачуццёвым. Можна вылавіць тэмы — уласна збору збожжа ці адносін мужчын і жанчын, але на першы план выходзіць жаданне Ігара Гашкоўскага, прынамсі, мне так падаецца, выклікаць у гледача нейкую фізічную рэакцыю. Раздражненне, узбуджанасць і нават юрлівасць. У нейкі момант колькасць паўтораў, якія намякаюць на вечны цыкл, дасягае такой кропкі, што пастаноўка страчвае здольнасць уплываць на эмоцыі гледача, а сэнсы складваюцца ў набор дакучлівых матываў. Тым не менш «Жніво» стала чарговым спектаклем-прыкладам, як ствараць сэнсы танцам, і паказчыкам, наколькі магутным інструментам з'яўляюцца рухі цела.

Гумар

Так, «нудны тэатр», высокае мастацтва дае магчымасць пасмяяцца. Сёлетняя Міжнародная праграма пачалася з заўсёдніка «ТЭАРТа» Оскараса Каршуноваса і яго пастаноўкі «Вяселле», заснаванай на п'есе Бертольда Брэхта, але, канешне ж, ва ўласным прачытанні рэжысёра і пад асучасненым соусам. Каманда падладзіла спектакль пад паказ у Мінску — у дыялогах прагучалі гордыя беларусы, чысціня Мінска, беларуская смятана і грэчка, ад якой можна «адчуць смак жыцця»... Выходзячы з залы, нейкія хлопцы разважалі, што нічога ў «Вяселлі» няма звышнатуральнага, проста, маўляў, забаўка, а не тэатр. Напэўна, якраз з-за камедыйнага складніка, які стэрэатыпна «прыніжае» мастацтва да нейкага відовішча. Але «Вяселле», калі не лічыць яго крыху збітую і няёмка абыграную канцоўку, сталася пралічаным аповедам пра чалавечую натуру і  крыніцай цэлага калейдаскопа эмоцый. Сям'я і сябры прыстойна сабраліся за вясельным сталом, але чалавечыя хібы і страсці ператварылі свята стварэння новай сям'і ў скандальны сямейны міжсабойчык. Бертольд Брэхт зайграў па-новаму, па-літоўску, па-сучаснаму, а спектакль паказаў звычкі, рэаліі і манеры, якія цалкам могуць сысці за нашы.

Фінска-латвійская пастаноўка «Тры мушкецёры. На ўсход ад Вены» гарэзліва накіравала мушкецёраў у сучасны свет і пракаціла іх па Усходняй Еўропе. Папулярнае ў тэатры выкарыстанне відэа заняло большую частку прасторы і ўсё ўзаемадзеянне сцэны з экранам не тое каб уразіла. Больш за тое, мушкецёры ездзілі па розных краінах у пошуках вайны, і часам выяўлялі даволі пагардлівы погляд на іншыя тэрыторыі. Саркастычна, напрыклад, яны пасмяяліся з Прыднястроўя і ў пэўным сэнсе прымусілі і гледача глядзець з іроніяй на жанчыну, што расказвае анекдот пра богам абраную тэрыторыю. У сярэдзіне ў трып спектакля неарганічна ўпісаліся стасункі паміж галоўнымі героямі, усё змяшалася, падарожжа мушкецёраў і іх пошукі занялі экран, а акцёраў часам відавочна не ведалі, як заняць.

Затое тут знайшлося супераб'яднанне: бельгійская пастаноўка «Арктыка» Ан-Сесіль Вандалем перанесла шаблоны хорараў і трылераў кінамастацтва на тэатральную сцэну. Дзеянне адбываецца на круізным лайнеры, за сцэнай пабудавана цэлая сетка ўваходаў і выхадаў, кают і калідораў, падзеі ў якіх тут жа адлюстроўваюцца на экране відэааператарамі (выкарыстанне відэаздымкі ў тэатральных пастаноўках можна назваць тэндэнцыяй, прыём не новы, але можа быць эфектным). Акцёры задзейнічаны ўвесь час, бачым мы іх фізічна ці на экране — яны іграюць у спектаклі (у адрозненне ад «Трох мушкецёраў»). Відэа дало магчымасць цудоўна абыгрываць кінапрыёмы і нават надало нейкага містычнага складніка — «Арктыка» сталася палітычным трылерам з забойствамі, самазабойствамі, змовамі, экалагічнымі праблемамі, супрацьстаяннем улады і электарату, помстай і музычным калектывам у глыбіні сцэны. Гэта «кіно» я паглядзела б яшчэ раз.

Усё тлен

Пастаноўка Цімафея Кулябіна — яго «Тангейзера» некалькі гадоў таму забаранілі ў Новасібірску з-за скаргі вернікаў — «Тры сястры» па п'есе Чэхава, несумненна, аказалася вішанькай на торце. Гэта самы неверагодны спектакль форуму. Кожны антракт — а іх у чатырохгадзінным спектаклі было тры — мне шчыра хацелася пакінуць залу і ніколі гэтага не бачыць, таму што не зусім бязвыхадная п'еса Чэхава тут дасягнула такога трагізму і песімізму, ад якога становіцца дрэнна фізічна. Дзеля пастаноўкі акцёры вывучылі мову жэстаў — героі, апроч аднаго, не вымавілі ніводнага слова, затое іх замянілі іншыя гукі, рухі, асвятленне. Ведайце, істэрыка на мове жэстаў можа быць «гучнейшай» за славесную. З пункту гледжання тэатральнага мастацтва нямыя «Тры сястры» — бяздонная, карпатлівая, неверагодная работа. Кожны акт мяняў сцэнічнае наваколле да непазнавальнасці. Трансфармацыя герояў, сімвалічнае апусценне прасторы, сюжэтныя змены стварылі чалавечую трагедыю і выклікалі адчуванне безнадзейнасці існавання на зямлі. Разбітыя мары, смерць з-за кахання, незадаволенасць жыццём, новае адкрыццё Чэхава, «усё тлен» — у спектаклі без слоў.

«ТЭАРТ» гаворыць

Балем правяць капрадукцыя, даследаванне магчымасцяў цела, выкарыстанне відэа і адсылак да кіно ў цэлым, зварот да традыцыйных матываў, глабальныя пытанні і «кругі на вадзе» вакол чалавечай натуры. Восьмы «ТЭАРТ» паказаў дзевяць пастановак — ён завяршыўся ў аўторак супярэчлівым спектаклем «Сайгон», а тэатр чарговы раз заявіў пра сябе як пра захапляльнае мастацтва — кожны раз ты быццам круціш рулетку і трапляеш на новую форму, дзе вынаходлівасць аўтараў — удала яна ўвасоблена ці не — паказвае бясконцасць іх магчымасцяў. Такі збор не можа прайсці бясследна.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота teart.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.