Вы тут

Як магіляўчанін дапамог выкрыць махінацыі з медыцынскімі прэпаратамі


Сёлета пад забарону ў Беларусі трапіла некалькі сайтаў, на якіх гандлявалі лекамі. Рашэнні аб абмежаванні іх дзеяння прыняло Міністэрства інфармацыі. Але пасадзейнічаў гэтаму магіляўчанін Сяргей Іваноў.


— Калі я ўбачыў у інтэрнэце артыкул, што шмат беларускіх рэўматолагаў маюць дачыненне да махінацый з цэлым шэрагам вядомых нам лекаў, у той час як існуе адзіны сапраўды дзейсны прэпарат, адразу ж зразумеў, што гэта падман, — расказвае ён. — Стала вельмі крыўдна за нашых пенсіянераў і інвалідаў, якія могуць трапіць на кручок гэтых махляроў. Бо выглядае інфармацыя вельмі пераканаўча.

А каб не быць галаслоўным, Сяргей вырашыў праверыць усё на сабе. Па спасылцы перайшоў на сайт, які рэкламаваў тыя самыя цудадзейныя лекі, і адразу ж трапіў у атмасферу небывалага ажыятажу. Паведамленне, што засталося ўсяго сем адзінак лекавага сродку суправаджалася адлікам секундаў на анлайн-таймеры. Маўляў, чаго думаеш, хапай хутчэй!

— Я пашукаў вачамі тэлефон, але не знайшоў і паслаў электронную заяўку, — кажа суразмоўнік. — Пакуль чакаў адказу, лічбы на таймеры абнуліліся і колькасць тавару нечакана ўзрасла з сямі да 38. Вось табе і штучна зроблены ажыятаж. Мужчына, які перазваніў, пацікавіўся, колькі мне гадоў, што турбуе, каму заказваю прэпарат. Я паспрабаваў даведацца нешта пра яго, але ён толькі паведаміў, што тэлефануе з Масквы. На просьбу даслаць мне толькі адну ўпакоўку лекаў па акцыйнай цане за сем беларускіх рублёў запярэчыў: прадаём толькі оптам на ўвесь курс лячэння. Пры гэтым па акцыі можна ўзяць толькі адну ўпакоўку, астатнія — па 58 рублёў. Але я заняў прынцыповую пазіцыю і суразмоўнік здаўся. Аднак, калі прыйшла пасылка, высветлілася, што я павінен аддаць 150 беларускіх рублёў. Я адмовіўся яе забіраць.

Між тым пільнаму магіляўчаніну трапіў на вочы ў інтэрнэце яшчэ адзін падазроны артыкул, дзе прапаноўвалі лекі ад гіпертаніі. Падыход быў той жа: выкрыванне прагных медыкаў і лёгкае вырашэнне пытання. Медыцынскі спецыяліст высокага рангу ў галіне кардыялогіі заклікала жыхароў купляць найноўшы прэпарат для лячэння ціску — усяго за пяць рублёў.

На гэты раз Сяргей Іваноў не стаў эксперыментаваць — адразу ж напісаў ліст на імя генеральнага пракурора Беларусі. І зрабіў спасылкі на падазроныя сайты, каб праваахоўнікі разабраліся ў гэтых цёмных гісторыях.

На працягу месяца ён атрымаў аж некалькі адказаў — з Генеральнай пракуратуры, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства аховы здароўя. З апошняй інстанцыі нават некалькі. У адным з лістоў паведамлялася, што прэпарат з указанай заяўнікам назвай не зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі ні як лекавы сродак, ні як выраб медыцынскага прызначэння і не ўнесены ні ў Дзяржаўны рэестр лекавых сродкаў, ні ў Дзяржрэестр вырабаў медпрызначэння і медтэхнікі Рэспублікі Беларусь. Яго няма і ў адмысловай электроннай базе даных Нарматыўна-даведачнай інфармацыі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Яшчэ ў адным лісце з Міністэрства аховы здароўя гаворыцца пра тое, што ўсё, пачынаючы ад «указаў», назваў медыцынскіх устаноў і заканчваючы дырэктарамі, урачамі і прафесарамі, прыведзенымі ў рэкламных тэкстах, ад пачатку да канца — хлусня. Нічога з гэтага ў рэальнасці не існуе. Тут жа паведамляецца, што Міністэрства рэгулярна маніторыць інтэрнэт-прастору на прадмет выяўлення ў ёй вось такіх ілжывых паведамленняў і адсылае іх у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю для прыняцця адпаведных мер. Але ўладальнікі інтэрнэт-сайтаў, дзе рэкламаваліся цудадзейныя сродкі, не з'яўляюцца суб'ектамі гаспадарання Беларусі, таму іх цяжка было знайсці. І міністэрства выказала Іванову падзяку за яго неабыякавую грамадзянскую пазіцыю.

У лісце з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у сваю чаргу, паведамілі, што ў тэндэнцыйных артыкулах груба парушаліся нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» і Міністэрству інфармацыі была накіравана інфармацыя, каб абмежаваць дзейнасць вышэйазначаных сайтаў.

На жаль, пра тое, што паклёпніка, які ўсю гэтую гісторыю заварыў, затрымалі, нідзе не гаворыцца. Напэўна, праваахоўнікі дзвюх краін яшчэ не прапрацавалі гэтае пытанне. Таму трэба быць пільнымі. Для цікавасці паспрабавала паглядзець, наколькі цяпер цуда-лекі даступныя ў інтэрнэце. Напісала назву ў пошукавіку і была ўражана, як шмат інфармацыі. Пазыўныя, як той казаў, змяніліся, але бізнес квітнее. Гэтыя назвы, як пустазелле, засмецілі сабой інтэрнэт і вынішчыць іх адтуль цалкам, напэўна, ужо немагчыма.

Кампетэнтна

Ірына Малёваная, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, адзначае, што адзіны паратунак ад падманаў — па лекі звяртацца не ў інтэрнэт, а ў аптэкі:

— Любы медык скажа вам, што шукаць медпрэпараты ў інтэрнэце шкодна не толькі для вашага кашалька, але і для здароўя. Не існуе таблеткі ад усяго. Не існуе прэпаратаў, якія за некалькі прыёмаў пазбавяць вас ад хранічнай паталогіі. Хвароба таму і называецца хранічнай, што цалкам амаль не вылечваецца, і задача ўрача забяспечыць нармальнае жыццё чалавека, зняць вострыя праяўленні захворвання. Лекі павінны прадавацца толькі ў аптэках і прызначацца выключна ўрачом. Нават калі яны без рэцэпта, усё роўна правільна будзе спачатку пракансультавацца са спецыялістам. Вельмі шкада, што грамадзяне давяраюць інтэрнэт-махлярам і аддаюць апошнія грошы за «пустышкі» ў прыгожых абгортках у надзеі на цуд. Але цудаў, на жаль, не бывае. Здаровы лад жыцця, фізічная актыўнасць і збалансаванае харчаванне — гэта асноўны шматвяковы пастулат здароўя. А таблетка існуе толькі для купіравання нейкага крытычнага стану.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Асцярожна: лекі з інтэрнэту

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг