Вы тут

Жыхары гарпасёлка Астрына скардзяцца на высокі ўзровень арэнднай платы


З такой праблемай сутыкнуліся былыя работнікі мясцовай гаспадаркі ў Шчучынскім раёне. У свой час яны атрымалі жыллё, якое належала ці будавалася калгасам. Прыватызаваць яго жыхары не спяшаліся, бо арэндная плата была невысокая і, як той казаў, «па кішэні». Але з гэтага года кошт арэнды пачаў хутка расці, літаральна за некалькі месяцаў павялічыўся ў тры-чатыры разы. Праблему арандатараў разгледзелі ў Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.


У так званую жыллёвую пастку трапіла і сям'я Валянціны Курачкі, якая жыве на вуліцы Першамайскай у гарадскім пасёлку Астрына. Жанчына не думала, што трапіць у такую сітуацыю. Дом ад калгаса сям'я атрымала 20 гадоў таму. Тады толькі пачалі будаваць жыллё па прэзідэнцкай праграме для работнікаў сельскай гаспадаркі. Каб атрымаць кватэру, патрэбен быў стаж работы не менш за 10 гадоў. У мужа Валянціны Іванаўны стаж быў нават большы, да таго ж ён лічыўся добрым работнікам, таму ім далі жыллё ў ліку першых. Муж працягваў працаваць, але пачаліся праблемы са здароўем, і ён мусіў звольніцца.

Не аднойчы сям'я ўздымала пытанне аб прыватызацыі кватэры. Па словах жанчыны, яна тры разы насіла заяву ў праўленне мясцовай гаспадаркі. І кожны раз заяву не прымалі. Маўляў, муж тады звольніцца з калгаса, а работнікаў і так не хапае. Толькі ў 2015 годзе ў гаспадарцы далі дазвол на выкуп кватэры, але налічылі за яе на старыя грошы 500 мільёнаў рублёў, якія сям'я павінна была выплаціць за тры гады. Такі расклад быў непад'ёмны.

— Нам вельмі крыўдна, што проста слёзы цякуць, — скардзіцца жанчына. — Муж амаль 30 гадоў працаваў у калгасе, не піў, не аднойчы яго імя заносілі на дошку гонару. Гаспадарка магла пайсці насустрач і дазволіць растэрміноўку на 10 гадоў, гэта ўдвая менш, чым для работнікаў калгаса. Мы ўклалі нямала сродкаў у гэту кватэру. Правялі газ за ўласныя грошы, паставілі новыя вокны і дзверы, рамантуем жыллё. Гаспадарка, як уласнік, нічога не робіць, а па сценах пайшлі трэшчыны, у падвале вада стаіць. Нам кажуць — рабіце ўсё самі.

Жанчына ў роспачы. А тут яшчэ арэнда стала расці. Калі напачатку яна складала 10 капеек за квадратны метр, то зараз падскочыла да 1 рубля 20 капеек. Цяпер толькі арэнда кватэры складае каля 120 рублёў, кажа Валянціна Іванаўна. А яшчэ амаль столькі ж прыйдзецца плаціць у зімовы перыяд за камунальныя паслугі.

У такой пастцы апынуліся тыя, хто жыве ў ведамасных дамах, але звольніўся з калгаса. Зараз гэта акцыянернае таварыства, у склад якога ўваходзяць тры былыя СВК. Належыць новае фарміраванне Гродзенскай будаўнічай арганізацыі. Па словах Валянціны Іванаўны, у гаспадарцы востра стаіць праблема кадраў, таму кіраўніцтва прымае меры, каб прыцягнуць работнікаў. Адной з такіх мер стала жыллё.

Так, арэндная плата для работнікаў прадпрыемства складае ад 40 да 46 капеек за «квадрат» добраўпарадкаванага жылля і 15 капеек — за жыллё без выгод, дзе няма газу, водаправода, каналізацыі і цеплазабеспячэння. Хто не працуе ў гаспадарцы, плаціць 1 рубель 20 капеек за такую ж плошчу ў абодвух выпадках. Для сваіх работнікаў розніцу кампенсуе само прадпрыемства.

У Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці палічылі такія ўмовы не зусім справядлівымі. Па словах старшыні КГК вобласці Анатоля Дарожкі, жыхары, якія жывуць у адным доме і карыстаюцца аналагічнымі памяшканнямі, пастаўлены ў няроўныя ўмовы толькі таму, што адны працуюць у таварыстве, а іншыя — не.

Таму КГК прапанаваў уласнікам дамоў і раённым уладам перагледзець існуючую арэндную плату з улікам затрат і ступені добраўпарадкавання жыллёвага фонду. Уласнікі да прапаноў прыслухаліся і часткова змянілі свае рашэнні. Для тых, хто пражывае ў дамах без выгод, арэнда з 1 снежня будзе зніжана ўдвая — да 60 капеек за «квадрат».

На думку Віктара Намейкі, які пражывае ў адным з такіх дамоў без выгод, гэта істотнае паслабленне. Асабліва, калі ўлічваць заробкі ў сельскай мясцовасці. Мужчына жыве ў арэндным доме, які атрымаў падчас работы ў калгасе. З прыватызацыяй не спяшаўся, бо плата за кватэру без выгод была сімвалічная. Да таго ж іншыя жыхары дома не ішлі на гэты працэс. У доме, якому гадоў пад сто, у свой час размяшчаліся розныя ўстановы, у тым ліку школа і дзіцячы сад, а потым яго перабудавалі пад жыллё. Чаму прыходзіцца разлічвацца за арэнду нараўне з тымі, хто жыве ў адносна новых тыпавых дамах? Гэта пытанне мужчына не раз задаваў старшыні гаспадаркі. У адказ чуў тое, што і Валянціна Іванаўна. Маўляў, гаспадарцы патрэбны кадры, у асноўным мужчыны. Вось і шукае кіраўніцтва спосабы, каб прыцягнуць работнікаў...

Тыя, хто працуе ў сельгаспрадпрыемстве, маюць права і на больш прывабныя ўмовы прыватызацыі. Напрыклад, растэрміноўка плацяжу на 20 гадоў, значна меншыя сумы ўнёскаў, дагавор толькі з гаспадаркай, без крэдыту. Такія ўмовы прапануюць і сям'і Валянціны Іванаўны, калі яе муж вернецца ў гаспадарку.

— Нам так і кажуць: прыйдзе на работу, усё зменіцца. І арэнда знізіцца, і прыватызацыя будзе льготнай. А як ён вернецца? Усё, што ён змог, ён аддаў калгасу, столькі гадоў працаваў. Зараз таксама дома не сядзіць, працуе электрыкам, але ў іншай арганізацыі.

Валянціна Іванаўна ўзважвае свае шанцы на прыватызацыю. Гэты шлях ёй падаецца найбольш спрыяльным, хоць яна і не чакае паслаблення. Бо ім арэндную плату не знізілі — наадварот, яна будзе толькі расці. На жаль, у расклад не бярэцца такая важная акалічнасць, як тое, што сям'я шматдзетная. Жанчына з мужам выхоўваюць траіх прыёмных дзяцей, малодшаму з якіх — 4 гады.

Вольга Курчыцкая, начальнік аддзела ЖКГ і будаўніцтва КДК Гродзенскай вобласці:

— Жыллё належыць ААТ «Агра ГЖС». Гаспадарка мае праблему з кадрамі. Тут патрэбны спецыялісты розных профіляў — ад механізатараў да жывёлаводаў. Але людзі не ідуць, таму таварыства і карыстаецца такімі непапулярнымі метадамі ўздзеяння, каб прыцягнуць жыхароў арэндных дамоў. А сярод іх ёсць кіроўцы, трактарысты, якія патрэбны ў гаспадарцы. Вядома, уласнікі будавалі жыллё для сваіх работнікаў і маюць права ім распараджацца, у тым ліку ўстанаўліваць арэндную плату. Яны падлічылі затраты, якія нясуць па яго ўтрыманні, сумы крэдытаў на яго будаўніцтва і разбілі на агульную плошчу арэндных жылых памяшканняў. Атрымалася лічба 1,2 рубля за «квадрат». Для Астрына, я лічу, гэта даволі высокая плата, бо яна дасягае 100 рублёў і больш. Плюс яшчэ камунальныя плацяжы. Трэба разглядаць такія выпадкі ў індывідуальным парадку. Магчыма, у гэтую катэгорыю можа аднесці і шматдзетную сям'ю, у якой выхоўваюцца прыёмныя дзеці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як пазбегнуць жыллёвай пасткі?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.