Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Прывітанне з мінулага

Даўно гэта было... І не сплыло, як той казаў: у памяці першае месца працы (яно было ў Жлобіне), першая выбарная пасада. Сакратар камсамольскай арганізацыі — гэта ж вам не абы-што! А далей болей — старшыня рэвізійнай камісіі райкама, бо яму ж, райкаму, трэ было ведаць, ці кожны камсамолец заплаціў узносы, ці правільна іх утрымалі?


Я правярала. Яшчэ і ў раёне. Часам ад вёскі да вёскі хадзіла па цаліку, як Павел Карчагін (не блытаць з Марозавым) па вузкакалейцы, бо мы, камсамольцы, і сапраўды былі дабравольцамі, хоць, здаралася, і прэміі райкам выдаваў. Мне — ажно дваццацьпятку! Праўда, аднойчы... І я доўга не магла патраціць яе, бо гэта ж як ордэн — хоць на грудзі павесь!..

А потым — не вам казаць — разваліўся Саюз, кампартыя і, здавалася, камсамол? Аднак гадоў дзесяць таму я атрымала віншаванне з яго дзевяностагоддзем, прычым на адваротным баку з прыпіскай: «Так трымаць, юны мічурынец!». Выходзіць, былыя саратнікі не толькі помнілі мяне, але і нешта ведалі? (Я ў той час са старонак «Звязды» якраз дзялілася вопытам па вырошчванні кавуноў і баклажанаў.)

Ці трэба казаць, як жа гэта расчуліла?! Я нават здагадалася, хто мог прыпіску зрабіць...

І сёлета быў званок.

— Пазнала? — пасля прывітанняў спытаў нехта з таго канца проваду.

— Не, — кажу.

— А з райкама камсамола ці помніш каго?

— Ну вядома ж... Люду Зарэцкую.

— Дык гэта я.

— Ты? — здзіўляюся. — Вось не чакала!..

Ад Людмілы я даведалася, што з камсамолам яна ды іншыя так і не рассталіся: падтрымліваюць адносіны, ведаюць — хто, дзе, як. Нехта — у вялікіх начальніках, нехта — сярод вучоных, многія — на пенсіі, а хто-ніхто, на жаль, ужо і адышоў — назусім... На іх (і сем'і) «камсамольцы» таксама не забыліся.

Дык вось (гэта Людміла расказвала), прыехалі яны неяк на могілкі, каб памянуць аднаго з таварышаў. Па грамульцы выпілі. І яму ў чарку налілі — пастаялі, расказалі нябожчыку пра справы свае. А непадалёк ад гэтага — праз пару магілак — пахаваны іншы таварыш. Яму таксама налілі. І пагаманілі... Падаліся да трэцяга, спачатку адчуўшы («спінным мозгам»), а потым і ўбачыўшы, што за імі... сочаць, прычым двое: дзядзька сам па сабе, цётка — сама... І калі з першым усё зразумела (у яго на твары напісана: чакае, пакуль нябожчыку нальюць, а самі адыдуцца...), то з другой — невядома што... Уся бледная...

А камсамольцы ж, як вядома, людзі нераўнадушныя. І таму рашуча, учацвярых падаліся ў бок цёткі (дзядзька, спужаны, уцёк), каб спытаць, можа, ёй дапамога патрэбна?

Тая — задам, задам — пачала адступаць на ўсякі выпадак. «Дзеўкі» здалёк ёй:

— Не бойцеся... Мы камсамольцы...

Цётка, учуўшы, аж села ля нейчай абгародкі і давай хрысціцца: маўляў, сыдзі, нячыстая!..

Ледзь растлумачылі ёй, што няма тут падману, што яны і праўда камсамольцы, але ж 70-х гадоў, што прыйшлі наведаць таварышаў.

А ўрэшце адпаілі жанчыну валяр'янкай, і яна прызналася, што ёй проста цікава было, што ж гэта за людзі ходзяць і каля многіх магіл спыняюцца? Можа, нейкая секта з'явілася?

...Так што былі камсамольцы — па перакананнях — і, напэўна ж, ёсць. Здымаю капялюш! І як у песні — «не расстанусь...». З тымі, сапраўднымі.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Не ў трох соснах

«...За плячыма два гады вучобы, атрымала прафесію, значыць, пара на свой хлеб», — думала маладая медсястрычка па дарозе ў незнаёмую вёску. Недзе там была яе першая бальніца, там — самастойнае жыццё.


Пачыналася яно ў здымным пакоі — у кватэры вельмі спагадлівай і гасціннай Зоі Паўлаўны, якая на той час ужо мела адну кватарантку, таксама медсястру. Не дзіва, што дзяўчаты адразу пасябравалі і паміж сабой, і з гаспадыняй.

Яна, Зоя Паўлаўна, на здароўе асабліва не наракала, хіба ногі яе падводзілі: не магла далёка хадзіць. А тут лісічкі ў лесе з'явіліся, падасінавікі, баравікі... Захацелася ёй грыбоў — і свежых паесці, і нарыхтоўкі зрабіць.

Пачуўшы гэта, кватаранткі паабяцалі, што ў наступны ж выхадны яны самі сходзяць у лес і вернуцца адтуль з поўнымі кашамі.

Як сказалі, так і зрабілі: падхапіліся ў суботу ледзь не з першымі пеўнямі, хуценька сабраліся — выйшлі за вёску. Перад імі раскінулася шырознае калгаснае поле, а ўжо за
ім віднеўся прыгожы лес.

Да яго дзяўчаты ішлі, трымаючы ў полі зроку лінію электраперадачы. «Гэтак жа, — сказалі сабе, — будзем вяртацца дамоў».

Але ж тое — потым. А спачатку ў іх была цікавая размова і лясная прахалода з чароўнай цішынёй, водар траў, спевы птушак, грыбы — нарэшце! Іх, дарэчы, не сказаць каб шмат было, пошукі прымушалі дзяўчат ісці наперад, збочваць направа, налева...

Карацей, наладаваўшы поўныя кашы, грыбнікі з жахам зразумелі, што яны канчаткова заблудзілі. «Дзе наша вёска? У які бок ісці?» — думалі яны. Можна было б залезці на дрэва і паглядзець. Але як, калі знізу ўсе сосны «голыя»?

Расстроіліся ледзь да слёз. Пашукалі нейкіх сцежак-дарог, выбіліся з сіл, адпачылі, зноў пайшлі на пошукі і раптам — вачам не паверылі — непадалёк прамільгнула... карова.

З надзеяй, што рагуля зможа вывесці іх да людзей, дзяўчаты кінуліся следам. Але ж сілы ў іх былі, што называецца, няроўныя: карова бегла куды хутчэй і таму хутка... знікла — гэтак жа нечакана, як і з'явілася. Пакінула, праўда, сляды...

Па іх сяброўкі выйшлі на дарогу і ўбачылі адтуль знаёмыя слупы.

...У вёску вярталіся, можна сказаць, на змярканні. Зоя Паўлаўна, чаго толькі не перадумаўшы, чакала іх каля весніц і з радасці, што знайшліся, сустракала з абдымкамі.

Потым і ўсе разам яны вячэралі, перабіралі ды марынавалі грыбы, каб зімой, адкрыўшы да гарачай бульбачкі чарговы слоік, зноў і зноў успамінаць той паход у лес і тую карову-выратавальніцу.

Таццяна Чэкед, г. Гомель


Не вер вушам сваім

П'яніц сёння ўсюды шмат, але ж у гарадах яны неяк менш кідаюцца ў вочы. А вось у вёсках...


Я амаль усё жыццё адпрацавала ў гандлі, 17 гадоў загадвала пасялковай крамай, так што мела «шчасце» нагледзецца, колькі гора і бяды прыносіць гарэлка, колькі розных прыгод здараецца з п'янымі. Часам не разбярэш нават смешных ці сумных.

Такім чынам, адной жанчыне гадоў колькі таму добра пашчасціла. Па-першае, калгас ёй выдаў пуцёўку ў дом адпачынку, па-другое, адтуль яна прыехала не адна: пазнаёмілася з мужчынам, прывезла яго ў госці. Але ж яму тут, трэба разумець, спадабалася. Вось і застаўся: уладкаваўся на ферму падвозчыкам кармоў, каторы год жыве і ўжо сам гасцей прымае. Летам, напрыклад, да яго сястра прыязджала, з-за мяжы, можна сказаць, з Украіны.

З гэтай радаснай нагоды, да таго ж якраз пасля зарплаты, гаспадары захацелі наладзіць «прыём» — накрыць паляну, як той казаў, пасядзець на прыродзе.

Перад гэтым на кані (а ён у падвозчыкаў заўжды пад рукой) прыехалі ў краму, купілі спіртнога, закускі, сабралі кампанію, бо трэба ж пазнаёміць прыезджую з новай раднёй, з сябрамі.

На ўсё пра ўсё выпіўкі, як гэта часта бывае, застольнікам не хапіла — прыехалі ў краму па дабаўку.

— Ад душы пасядзелі! Так павесяліліся, — расказвалі жанчыны, запіхваючы ў торбы новыя пляшкі з віном. — Пасля працы яшчэ пабалюем.

— Ідзіце ўжо на ферму, на дойку пара, — казала ім кабета з вёскі. — Вы ж і так набаляваліся, аж брыдка глядзець: ногі не трымаюць... Бач, усселі на падводу...

Цягнуць яе каню і праўда цяжкавата было, ён ледзьве спраўляўся. Таму цверазейшыя ўдзельнікі «банкету», напаўняючы наваколле то крыкам, то спевам, то піскам, крочылі побач. Віноўніца ўрачыстасцяў, госця з замежжа, ну вядома ж, была на возе, бо яна, казалі, не толькі ісці, — нават ехаць ужо не магла — увесь час спаўзала з воза... Таму побач прыладкавалася Ганка, наваспечаная сваячка. Яна як магла падтрымлівала прыезджую, аж пакуль тая на пад'ездзе да вёскі раптам не закрычала:

— Ой, нагаўкалэсі!

— Праўду, праўду кажаш, сястрыца! — пагадзілася з ёй сваячка. — І напіліся, і наеліся... Ну, можна сказаць, і нагаўкаліся... «Пагудзелі»! А зараз — што ты стаў? — спытала яна ў вазьніцы. — Паганяй! З ветрыкам правязём нашу госцю.

Брат яе, той прыезджай, што быў за кіроўцу, узмахнуў быў пугай, пасля чаго, яшчэ раз закрычаўшы, жанчына звалілася з воза, Ганка — следам.

— Куча рагоча, хто болей хоча? — крыкнула яна (конь, на шчасце, тут жа спыніўся), схапілася за кола, каб устаць, і перад самым носам (хмелю — як не было) убачыла... акрываўленую нагу госці.

— Вось табе і «нагаўкаліся», — заўважыў вясковец, які назіраў за гарлапанамі, калі тыя яшчэ пад'язджалі да яго сялібы.

Так што зараз яму нічога не заставалася, як выйсці на вуліцу, дапамагчы вызваліць з кола пакалечаную нагу, выклікаць «хуткую». На шчасце, назву сваю гэта машына з гонарам апраўдала: прыехала вельмі хутка. Але ж калі тая госця паправіцца, не ведае ніхто. Адно зразумела: «гасціннасць» сясцёр-беларусак яна запомніць надоўга. Можа, нават на ўсё жыццё.

Марыя Бяжан, г. Чэрвень

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.