Вы тут

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні


Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы. Ганна неаднаразова станавілася чэмпіёнкай Беларусі і выйгравала этапы Кубка свету. Гісторыя спартсменкі прыадкрыла сакрэты коннага спорту: ці складана знаходзіць агульную мову з коньмі, колькі трэба рыхтаваць жывёлу да спаборніцтваў і як абраць жарабя-пераможцу.


«Конь — не клюшка»

Сезон у конным спорце, у адрозненне ад іншых відаў, доўжыцца практычна круглы год, бывае такое, што ён і зусім не завяршаецца. Для нашай гераіні цяпер час падрыхтоўкі да этапу Кубка свету, які крыху менш чым праз месяц пройдзе ў Маскве. Гэта будзе заключны старт каляндарнага года, пасля якога стане зразумела, ці трапіць Ганна ў фінал Кубка свету.

— Наогул, мы ўвесь час працуем, — расказвае спартсменка. — Бо конь — гэта не клюшка, яго нельга пакінуць на адпачынак або нават на выхадныя. У нядзелю я ўсё роўна іду на канюшню, буду выводзіць коней, мы тут ужо жывём.

Прабіцца ў фінал Кубка свету для прадстаўніцы Беларусі будзе вельмі прэстыжна (туды трапляюць толькі 18 найлепшых наезнікаў свету), бо, нягледзячы на багатую гісторыю коннага спорту ў краіне, зараз гэты від у зацішшы.

— Шанцы ёсць, у двух фіналах Кубка свету я ўжо прымала ўдзел, мяркую, і ў трэці ў сваёй кар'еры траплю, — абнадзейвае Ганна. — У мінулым годзе я стала 15-й, для Беларусі гэта было вельмі прэстыжна, бо Кубак свету па ўзроўні перасягае чэмпіянат Еўропы і свету.

Акрамя гэтага турніру, наступны год стане для Ганны вельмі важным яшчэ і таму, што ён перадалімпійскі. У першыя дні студзеня 2019-га будуць абвешчаны старты, у якіх можна будзе зарабіць ачкі, каб трапіць на Алімпійскія гульні.

— Накіравацца ў Токіа камандай шанцы невялікія, але дзве асабістыя ліцэнзіі заваяваць мы можам, — дзеліцца чаканнямі спартсменка. — Для нашай геаграфічнай зоны будуць арганізаваны асобныя старты, у якіх у тым ліку прымуць удзел палякі і расіяне.
З коней галоўным прэтэндэнтам паехаць са мной на алімпіяду з'яўляецца Задыяк, ён у добрай форме, зараз яму дзесяць гадоў, будзе 11, гэта пік для каня. Арлекін старэйшы, таму ўжо можа ленавацца і на трэніроўках, і на спаборніцтвах.

«Заслугі мамы нічога не значаць»

Сёння Ганна Карасёва выступае толькі ў выездцы, хоць пачынала заняткі конным спортам дзяўчына з канкура, аднак пасля першага медагляду ў вялікім спорце наезніцы забаранілі скакаць.

— Вядома, усё роўна скакала цішком, — прызнаецца Ганна. — Але пазней сканцэнтравалася толькі на выездцы. Хоць у свеце ёсць спартсмены, якія выступаюць адразу ў некалькіх дысцыплінах, — выездка вельмі складаны від коннага спорту, перш за ўсё гэта карпатлівая праца. Коні могуць удзельнічаць у праграме Вялікага прыза (алімпійскай) толькі з васьмі гадоў, гэта значыць з трох да васьмі ты проста яго выхоўваеш, — тлумачыць спартсменка. — Я думаю, таму ў выездцы большасць жанчын, яны церпяць гэтую павольную, манатонную працу.

Гераіня расказвае, што больш за ўсё для гэтай дысцыпліны падыходзяць коні нямецкіх і галандскіх парод.

— Мы часцей гаворым нават не пра пароды, а пра «бацькоў» каня. Напрыклад, калі конь бег Вялікі прыз, потым ад гэтага каня мы купляем жарабят. Усе галоўныя якасці перадаюцца па генах. Напрыклад, зараз мы ездзілі выбіраць коней у Германію, яны стаяць на прадажнай канюшні, ты ідзеш і нават мянушку жарабяці не знаходзіш, напісана толькі імя таты. Глядзіш, нейкі знакаміты, мянушку дзесьці чуў, значыць, недзе выступаў, тады просіш, каб жарабя вывелі і паказалі. А вось мянушка і заслугі мамы наогул нічога не значаць.

Працэдура выбару каня даволі цікавая: у першую чаргу жарабя выбіраюць па бацьку, потым выводзяць з дзенніка на праход, каб уважліва ацаніць яго.

— У жарабяці абавязкова павінны быць доўгія пярэднія ногі, доўгая шыя, холка вышэй за круп. Потым ужо глядзім алюр (хада каня), як ён рухаецца на волі, — адзначае Ганна і дадае, што цана на жарабя ад вядомага таты будзе стартаваць ад 20 тысяч еўра.

«Ад каня патрэбны гены, а ад спартсмена — галава»

Поспех пары на спаборніцтвах Карасёва падзяліла б у прапорцыі 50 на 50. Спартсменка запэўнівае: якім бы вялікім ні быў спартсмен, калі ён сядзе на звычайную жывёлу, нічога не атрымаецца.

— Ад каня патрэбныя гены, а ад спартсмена перш за ўсё — галава. Калі была маленькая, трэнер мне казала: «Прыйдзеш, калі табе будзе 30». Бо чалавек разумова сталее менавіта да гэтага ўзросту, — расказвае Ганна. — Зараз у мяне дзевяць коней, атрымліваецца, дзевяць трэніровак у дзень, кожная па 45—50 хвілін, вопыт напрацоўваецца з гадамі, на кожным кані нешта спрабуеш, робіш, псуеш, потым выпраўляеш. Трэба накатаць свой час, навучыцца працаваць правільна. Цяжка таму, што гэта работа не толькі над сабой, а яшчэ і з жывёлай. Можна сябе прымусіць бегаць калі трэба, а тут як? Гэта жывая істота, калі штосьці баліць, ён не можа сказаць, а я яго прымушаю працаваць.

«Яны адчуваюць мяне па кроках»

Адзін з самых важных кампанентаў поспеху ў конным спорце — знайсці агульную мову з канём. Часам гэтага зрабіць не ўдаецца, і тады жывёлу даводзіцца прадаваць. Такія выпадкі былі і ў нашай гераіні.

— Пара наезнік-конь павінна супасці. У Галандыі быў конь Тацілас, фенаменальны, чэмпіён свету і Еўропы. Галандцы прадалі яго немцам за 15 мільёнаў еўра, а нямецкі спартсмен нічога не паказаў на ім. Ён проста не змог ехаць, — кажа Ганна.

Таму наладзіць кантакт і навучыцца разумець жывёлу лепш адразу, з першых дзён знаёмства.

— У іх, як і ў людзей, ёсць настрой. па размінцы ўжо зразумела, ці будзе сёння работа. Гэта ж жывая істота, можа, устаў не з той нагі, або месяц не ў той фазе, — усміхаецца Ганна. — А можа, у яго баліць нешта, калі ногі, відаць адразу, а бывае, што спіна. Садзішся, а ён прагінаецца, думаеш, няўжо пончык лішні з'ела, а потым сядло здымаеш, прамацваеш усю спіну — то цягліца расцягнутая, то не разагрэлася штосьці.

На канюшні Ганна кожны дзень, калі даводзіцца ад'язджаць па іншых справах, вечарам яна абавязкова вяртаецца, каб проста пацалаваць кожнага гадаванца ў носік.

— Бяру кішэню цукру і ўсіх абыходжу, свае гэта коні ці не. Яны адчуваюць мяне па кроках. Бывае, зайду на дыбачках, каб іх не трывожыць, а яны тут як тут, асабліва Арлекін: мама прыйшла. Пагавару з імі, пацалую, святло выключу і дадому.

Нягледзячы на тое, што Ганна называе коней самымі разумнымі жывёламі, яна заўважае, што праца з імі даволі траўманебяспечная. Напэўна, гэта памятаюць і аматары спорту, пару гадоў таму ў Ратамцы ў ходзе спаборніцтваў у трохбор'і загінуў спартсмен. А летась у свеце было зафіксавана каля дзесяці смерцяў, у асноўным таксама ў трохбор'і.

— Бывае, што коні б'юць заднімі нагамі, — расказвае Ганна. — Мяне таксама ў мінулым годзе ўдарыў: у выніку — парваная цягліца на назе. Гэта жывая істота, якая важыць 500 кілаграмаў, што ў яе ў галаве — ніхто не ведае. Такі ў мяне Арлекін, у яго свавольны характар з самага дзяцінства. Калі б ён трапіўся мне такі цяпер, не ўзялася б за гэтага каня, але тады выбару не было. Многія мне казалі: кінь, ты на ім заб'ешся, а я паўтарала, што гэта мой конь, на якім заваюю многае. У выніку Арлекін мяне і вывеў на сусветную арэну, на ім я атрымала званне майстра спорту міжнароднага класа і маё прозвішча асацыюецца менавіта з гэтым канём.

«Галаўны ўбор за тры тысячы еўра»

Акрамя цяперашніх дзевяці коней, хутка ў канюшню Ганны дадасца яшчэ восем маладых. Спартсменка стараецца даглядаць іх сама, хоць вялікая частка працы прыпадае і на конегадоўцаў.

— У мяне няма спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, але я бачу, калі з канём штосьці не так. У мяне ёсць цэлая куча ўсякіх мазяў. Для капытоў — зімовыя, летнія; уціркі — астуджальныя, сагравальныя, рэлаксавальныя. Ёсць усё для прыгажосці коней: спецыяльныя шампуні, спрэі для хваста, спрэі з пахамі, як туалетныя воды. Стрыжом коней, нават цалкам голім, таму што, калі шэрсць абрастае, яны моцна пацеюць. Раз на месяц абавязкова падкоўваем, — расказвае суразмоўніца.

У выездцы вельмі важным з'яўляецца не толькі знешні выгляд каня, але і знешнасць наезніка. Апрануцца спартсмену проста, але не вельмі танна.

— Думаю, любому суддзі прыемна ўбачыць, калі выязджае наезнік на кані, які блішчыць, а спартсмен апрануты з іголачкі, бо конны спорт — гэта спорт каралёў, — заўважае Ганна. — Ёсць спецыялізаваная англійская фірма, якая шые цыліндры, адзін галаўны ўбор каштуе тры тысячы еўра. Праўда, мы пакуль да такога не дараслі. Я часцей за ўсё купляю адзенне нямецкіх фірмаў, фрак — каля 800 еўра, боты — 1000, цыліндр — 300—400, брыджы — 200, пальчаткі — 50, шпоры — 50, увогуле ў тысячы дзве еўра ўкласціся можна.

«Нараджаць паехала з канюшні»

За сваю спартыўную кар'еру Ганна Карасёва двойчы хадзіла ў дэкрэт, але доўжыўся гэты водпуск лічаныя месяцы.

— На чацвёртым месяцы цяжарнасці я яшчэ выступала на спаборніцтвах, потым ужо злезла з каня, нарадзіла і праз тры тыдні села зноў. Паехала на спаборніцтвы ва Украіну і адразу выйграла там турнір, — натхнёна кажа гераіня. — Вяртанне давалася мне лёгка, можа быць таму, што было такое вялізнае жаданне выступаць, я ж увесь час на канюшні і нараджаць паехала адсюль. Неяк цяжарная нават звалілася з каня, не памятаю, які быў месяц, але ўсё абышлося, устала і паехала далей.

Не дзіўна, што і дочкі Ганны выраслі на канюшні, старэйшая плануе пайсці па слядах мамы, сёння ў яе ўжо ёсць уласны поні, на ім яна трэніруецца і выступае на спаборніцтвах.

— Яны тут з часоў, калі былі яшчэ ў калясках, старэйшая — проста фанат коней. Падымаецца ў шэсць раніцы: «Мама, на канюшню!» Раней яна ездзіла на Задыяку, але ён у мяне вялікі, шукала ёй поні і вось нядаўна зрабіла сюрпрыз — купіла. Праўда, ён ужо скідваў яе пару разоў. Аднойчы дачка вельмі напалохалася, потым баялася сесці на яго, але неяк перамагла сябе, села, навучылася быць трохі нахабнейшай, і цяпер яны найлепшыя сябры. Я толькі падтрымліваю яе захапленне, адзінае, яна хоча скакаць, ёй не падабаецца выездка, і мяне гэта, вядома, палохае.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.