Вы тут

Каля 170 тысяч беларусаў маюць дзве і больш кватэры


Колькасць уладальнікаў дадатковага жылля павялічваецца штогод амаль на 10 %

Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі. Ён нагадаў, што да 15 лістапада неабходна аплаціць зямельны падатак, падатак на нерухомасць і арэндную плату за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Ад падатку на нерухомасць вызваляюцца ўладальнікі адной кватэры. Тым, у каго іх дзве і больш, трэба гэты падатак плаціць. А такіх у нас крыху больш за 169 тысяч чалавек.


Паводле інфармацыі падатковага ведамства, плацельшчыкамі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць у нашай краіне з'яўляюцца каля 2,8 мільёна фізічных асоб. Але з улікам разнастайных ільгот іх фактычна аплачваюць 1,5 мільёна грамадзян. Сёлета насельніцтву было прад'яўлена да выплаты 75,3 мільёна рублёў маёмасных падаткаў, з іх 42,4 мільёна рублёў — падатак на нерухомасць, 20,7 мільёна рублёў — зямельны падатак, а 12,2 мільёны рублёў — арэндная плата за зямлю.

Прадстаўнікі падатковай інспекцыі адзначылі, што за нявыплату згаданых падаткаў заканадаўствам прадугледжана накладанне пені і адміністрацыйнага штрафу, мінімум якога раўняецца палавіне базавай велічыні.

Андрэй Кавалеўскі паведаміў, што кожны год у нашай краіне падатковыя органы аналізуюць даходы і расходы 20—25 тысяч чалавек, якія здзейснілі буйныя пакупкі. Прыкладна пяці тысячам з іх прыходзіцца даплачваць падаткі па стаўцы 16 % гадавых.

Як вядома, цяпер карэктуецца новы Падатковы кодэкс, які, згодна з планамі, запрацуе ў нашай краіне з 1 студзеня наступнага года. Адказваючы на пытанні журналістаў, Андрэй Кавалеўскі ўдакладніў, што кардынальных змяненняў у аплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць у 2019 годзе не будзе. Плануецца захаваць той жа парадак аплаты і тэрміны. Прапануецца таксама захаваць даволі вялікі аб'ём ільгот па аплаце гэтых падаткаў. «Яны даюцца асобным найбольш уразлівым катэгорыям насельніцтва — пенсіянерам, інвалідам, непрацаздольным асобам, шматдзетным сем'ям. Пакуль не плануецца ўводзіць і падаткаабкладанне кожнай кватэры — гэта значыць палёгку пры наяўнасці ва ўласнасці адной кватэры мяркуецца захаваць», — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі.

Новы Падатковы кодэкс падрыхтаваны з улікам таго, што яго дзеянне будзе распаўсюджвацца на наступныя тры гады — 2019, 2020 і 2021-ы. За гэты час дзяржаўныя органы павінны адпрацаваць усе нюансы, якія ўзнікнуць у названы перыяд, у тым ліку магчымыя пытанні змены ўзносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і іншыя прапановы. За тры гады павінны быць выпрацаваны адзіныя рашэнні па гэтых пытаннях, каб да 2022 года падрыхтаваць новую заканадаўчую базу, калі гэта будзе неабходна.

Андрэй Кавалеўскі падкрэсліў: «Падатковы кодэкс павінен дзейнічаць тры гады без змен, і гэта будзе вельмі зручна для падаткаплацельшчыкаў — арганізацый і грамадзян».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.