19 снежня 2007 года № 241 (26106)НАПРЫКАНЦЫАрыгінальны рэцэпт "Усходнiх ласункаў"
У гэтыя выхадныя Мiнск у сёмы раз прымаў фестываль па танцы жывата
"Усходнiя ласункi", сабраўшы лепшых танцорак рэспублiкi на адной
сцэне. Дарэчы, калiсьцi менавiта гэты фэст стаў для танцорак белiдансу
пропускам на вялiкую сцэну. Сёння ж у Беларусi праводзяцца чэмпiянаты
як рэспублiканскага, так i сусветнага ўзроўню, а танец жывата "прапiсаўся"
цi не ў кожным фiтнэс-клубе.
Сёлета фестываль "дарос" да сцэны Палаца Рэспублiкi, а гэта адпаведны
ўзровень — зала на 2500 месцаў, лазернае светлавое шоў, трансляцыя на
вялiкiх экранах... Акрамя ўласна яскравай паказальнай часткi, адбыўся
конкурс сярод наймацнейшых танцорак Беларусi на лепшы шоў-нумар усходняга
танца. Выканаўцам было дазволена выкарыстоўваць практычна ўсё —
прадметы, спецэфекты, эклектыку ў музыцы, харэаграфii i касцюмах.
У фiнале сустрэлiся 10 удзельнiц, кожная з якiх прадэманстравала
адметнае шоў, — вось i здавалася гледачам, што дзяўчаты вядуць мiж сабой
жорсткую барацьбу за гран-пры фестывалю — паездку на дваiх у Егiпет.
А яны пасля конкурснай часткi сабралiся ў грымёрках i як старыя сяброўкi
гаварылi пра простыя жыццёвыя рэчы, як быццам i не было памiж iмi сапернiцтва.
Але на тое i конкурс, каб высветлiць лепшую сярод танцоўшчыц. Ёй, паводле
рашэння журы, стала Крысцiна Мыцько (прадстаўляла школу-студыю ўсходняга
танца "Фарангiз"). Першае месца заняла Дар’я Лонская, другое — Юлiя
Мiраненка, на трэцяй пазiцыi Крысцiна Жарко.
У другiм аддзяленнi фестывалю паказальныя выступленнi прадставiлi
зоркi беларускага белiдансу, а таксама чэмпiёнка свету па танцы
жывата 2004 года, расiянка Наталля Бекер, якая здолела сумясцiць...
экзатычную харэаграфiю i кампазiцыю Дзiмы Бiлана.
Ва "ўсходнi кiрмаш" ператварыўся ў антракце i сам Палац Рэспублiкi:
у фае на iмправiзаваных пляцоўках iгралi музыканты, працавалi анiматары,
усе ахвотнiкi маглi таксама далучыцца да магii танца жывата, узяўшы
ўдзел у конкурсе аматараў. Тут жа iшло галасаванне за Прыз глядацкiх
сiмпатый, якi ў вынiку дастаўся уладальнiцы першага прыза "Усходнiх
ласункаў-2007" Дар’i Лонскай.
Вольга ЛАСКА, Лiна МАЛІНIНА. |